3 чэрвеня наш універсітэт наведала дэлегацыя з Нігерыі з мэтай наладжвання сувязяў у рамках падпісанай дамовы аб супрацоўніцтве. Дэкан аграрнага факультэта ў свой час вучыўся ў БДАТУ і добра валодае рускай мовай. Але ўсё ж за перакладчыка ў іх была прадстаўнік нашага аддзелу знешніх сувязяў Дзіна Міхайлаўна Суленка, якая і паклікала мяне зрабіць колькі фотаздымкаў. Госці былі зацікаўлены ў фатаграфаванні не толькі з ёю, але нават і са мной. Хоць зрабіць гэта на сонцы было складана, паколькі і сам у такое надвор’е на здымках атрымліваешся, як цёмнаскуры. А калі людзі з самой Афрыкі, дык фатаграфавацца ўдвайне цяжэй!
Пасля кароткага знаёмства мы накіраваліся на кафедру механізацыі, дзе яны хацелі пазнаёміцца з нагляднай базай тэхнікі, паколькі плануецца адтуль накіроўваць на кароткачасовую вучобу нігерыйскіх спецыялістаў. У планах таксама і паездкі нашых спецыялістаў, якія маглі бы там на месцы чытаць лекцыі на працягу якога месяца. Вось толькі ці не спалохаюцца нашы выкладчыкі акунуцца ў асяроддзе, дзе ёсць захворванні не спецыфічныя для нашай мясцовасці. Я і сам не ведаў, што наш універсітэт валодае такой базай тэхнікі, як замежнай, так і той, якая выпускаецца беларускімі заводамі. Ці ж можна было падумаць што Мінскі мотавелазавод і той займаецца выпускам тэхнікі для сельскай гаспадаркі, а колькі чаго выпускаецца ў Лідзе… Прычым вядзецца сумесны выпуск тэхнікі з італьянскімі, нямецкімі, амерыканскімі і іншымі фірмамі. Госці, спадзяюся, засталіся задаволены ўбачаным. Дзіна Міхайлаўна пастаянна турбавала нашага былога выпускніка Уладзіміра Ушкевіча, які ўзначальвае аб’яднанне фермераў вобласці, каб ён арганізаваў для гасцей наведванне фермерскай гаспадаркі. Нарэшце такая гаспадарка знайшлася. Яе кіраўніком з’яўляецца таксама выпускнік нашага агранамічнага факультэта – Міхаіл (прозвішча баюся няправільна напісаць). На пытанне, што для нігерыйцаў там будуць паказваць, я пачуў – тэхніку. Яна мяне не надта цікавіла і я ветліва адмовіўся ад паездкі. Таму далейшае засталося па-за кадрам.