Такія азнаямленчыя паездкі ў шэраг лепшых гаспадарак Беларусі праводзяцца на гэтым тыдні ў рамках падвышэння кваліфікацыі. Ад універсітэта ў гаспадарку “Айчына” накіроўваліся два аўтобусы з выкладчыкамі агранамічнага і заатэхнічнага накірунку. Паколькі я зараз выкладаю мікрабіялогію пераважна ў будучых аграномаў, то паехаў разам з імі. Нядоўга давялося чакаць. Нашымі гідамі па гаспадарцы сталі амаль на цэлы дзень дырэктар ААА “Айчына” Уладзімір Міхайлавіч Бандарэнка і галоўны аграном Яраш Алена Андрэеўна. Як аказалася пазней, Уладзімір Міхайлавіч закончыў наш універсітэт ў 1985 годзе і папярэдне набіраўся вопыту, працуючы 19 гадоў ў СВК “Кастрычнік”, Алена Яраш закончыла ГДАУ завочна ў 1998 годзе і першыя гады таксама працавала ў Гродзенскім раёне. ААА “Айчына” гаспадарка, якая належыць зараз Белнацбанку. Яна ўтварылася ў выніку аб’яднання 4 розных гаспадарак і таму зараз працягласць яе складае 45 км. Плошча сельскагаспадарчай раллі складае каля 15 тысяч га.
Дзякуючы вялікім фінансавым сродкам, якія атрымала гаспадарка, яна ажыццяўляе будаўніцтва як гаспадарчых пабудоў, так і жылля для сваіх працаўнікоў, якія з цягам часу маюць права яго прыватызаваць. Размову з гасцямі дырэктар гаспадаркі вёў у канферэнцзале праўлення. Ён гаварыў аб структуры пасяўных плошчаў. За апошнія гады значна павялічыліся пасадкі бульбы, якія дасягнулі 460 га, але могуць і яшчэ павялічыцца, паколькі гаспадарка пабудавала ўласны крухмальны завод, з якім мы мелі магчымасць пазнаёміцца бліжэй, хаця ў яго працы зараз перапынак, звязаны з адсутнасцю сыравіны.
Але ж вельмі было цікава пабачыць абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для вызначэння якасці прадукцыі. Бульба ў гаспадарцы будзе, паколькі пасадкі яе, якія мы пабачылі сведчаць аб тым, што пакуль для яе росту ёсць усё неабходнае.Але не бульба, а буйная рагатая жывёла з’яўляецца асноўнай крыніцай даходаў на сёняшні дзень. Здаецца зараз малочны статак мае 8 тысяч галоў і будзе далей пашырацца да 10 тысяч. Малако ў гаспадарцы атрымліваюць добрай якасці і яно рэалізуецца, даючы штодня выручку ў 45 мільёнаў рублёў. Мы пабывалі на ферме. Бачылі як праходзіць даенне кароў. Праціраюцца саскі салфеткамі, думаю, што з абяшкоджваючай мікробы прапіткай, - адной даяркай, здайваюцца ў асобны посуд першыя струйкі малака, - іншай, падлучаецца даільны апарат - трэцяй. Ды і хворыя на мастыт каровы сустракаюцца рэдка, як адказала загадчыца на маё пытанне. Многія з нас упершыню наглядалі за тым, як падоеныя жывёлы выходзілі, і заходзіла новая група кароў, якія самастойна, адна за другой, выстройваліся ў станкі для даення, прычым, вельмі хутка. І так працэс працягваецца з ранку да вечару. Адны каровы выдойваюцца два разы, больш удойныя – тры разы за суткі. У сярэднім жа па гаспадарцы надой ад адной каровы за год складае 5,5 тысяч літраў малака. Ды і сілас, якім кормяць жывёлу ўсім нам спадабаўся па арганалептычных ўласцівасцях, паколькі меў прыемны пах. Пабывалі мы і на комплексе, дзе ідзе адкорм маладняка. Зараз яго ўзначаліў малады спецыяліст пасля Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, сястра якога расказвала нам аб тэхналогіі вырошчвання садавіны. Да кожнай яблынькі падведзены кропельніцы, праз якія падаюцца растворы ўсіх неабходных пажыўных элементаў. Але найвялікшым гонарам гаспадаркі з’яўляюцца склады з рэгулюемай тэмпературай і вільготнасцю, у якіх захоўваецца прадуцыя з саду і агароду. Нават у еўрапейскіх краінах цяжка адшукаць падобныя сховішчы. Асобныя камеры плануецца нават здаваць у арэнду. Паглядзелі мы і мехдвор гаспадаркі. Аказалася, што картофелеўборачны камбайн, які нядаўна бачылі на выставе Белагра ў Мінску належаў ААА “Айчына”.
Мы запісвалі тое, што чулі на фотакамеры, мабільныя тэлефоны, у нататнікі. Пытанняў з боку “практыкантаў” было вельмі шмат, часам падступных. Але і дырэктар і галоўны аграном на ўсе іх мелі адказ. У завяршэнні яны запрасілі нас ў сталоўку недалёка ад праўлення, што месціцца ў вёсцы Кабылянка. Адтуль госці выйшлі добра падсілкаванымі. Мы зразумелі, што каб ўзняць беларускі аграрны сектар на новы ўзровень, дастаткова раздаць гаспадаркі розным банкам, якіх так шмат зараз у нашых гарадах. Па дарозе да Гродна былі Ружаны і мы не маглі не пабываць у тамтэйшым замку Сапегаў, які пакрыху пачалі рамантаваць. Вось толькі ці акажуцца сучаснай вытворчасці цагліны такімі ж трывалымі, як тыя, што былі выраблены ў XVII - XVIII стагоддзях. Крыху палазілі нават па падзямеллях.
І далей традыцыйна фотарэпартаж з паездкі…