12 чэрвеня студэнты агранамічнага факультэта нашага універсітэта прынялі ўдзел у турыстычным злёце, які адбыўся на рэчцы Асташанцы недалёка ад шлюза Нямнова на Аўгустоўскім канале. Не дзіўна што там прысутнічалі студэнты факультэта фізічнай культуры з Янкаў, бо гэта ж іх прафесія. Аказалася, што і нашы студэнты могуць добра карыстацца байдаркамі і ўдзельнічаць у пераадоленні перашкод, . 7 асобаў з 13 пачыналі сваё воднае раллі ад Новага Гродзенскага моста і плылі да самога каналу, прычым так, што за ўвесь шлях перакулілася ўвер дном толькі адна байдарка. Плывуны пры гэтым засталіся ў жывых. За кіраўніка спартыўнай суполкі аграрнікаў быў выкладчык фізічнай культуры Генадзь Тамашоў.
На месцы былі пастаўлены намёты, нешта варылася ў вядры, магчыма з гэтай мэтай ў складзе групы ўдзельнічала дзве дзяўчыны – Ірына Кандзярэшка і Юлія Лойка. Начаваць у паходных умовах давялося дзве ночы. Лазілі праз рэчку па вяроўках, але сістэма была крыху іншай, чым у папярэднія гады. Чытаючы водгукі студэнтаў да фотаздымкаў на сайце “Укантакце” даведваюся, што за гэты час усе стаміліся, але адпачынак атрымаўся “афігенны”, а як выказаўся стараста групы Аляксандр Машлякевіч - “было займальна, весела і экстрэмальна!”. Думаю, фотаздымкі лепей раскажуць пра чарговую імпрэзу студэнтаў, чым чалавек, які там не прысутнічаў (ездзіў у той дзень у Жыровічы, пра якія матэрыял змешчаны раней). Магу толькі пазайздросціць такой магчымасці нашых студэнтаў, бо падчас сваёй вучобы пра канал Аўгустоўскі нават не чуў, а ездзіў раз са сваёй групай у Парэчча. Памятаецца добра ўсё, але найбольш камары, якія ноччу ў пакоі без вокнаў гулі, як рэактыўны самалёт і кусаліся, як сапраўдныя крывасмокі.