Ад’езд ад універсітэта 23 чэрвеня быў у двух накірунках – у СВК “Абухава”, куды накіроўваліся аграномы, і ў РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” – заатэхнікі і ветэрынары. Памятаю, як пры маім паступленні ў 1974 годзе Мікалай Аляксееў, які ўзначальваў прыёмную камісію, не змог пераканаць адмовіцца ад паступлення на аграфак у карысць зоаінжынернага факультэта. Ён тады абяцаў нават звазіць падчас вучобы на які-небудзь жывёлагадоўчы комплекс, чаго не выканаў, паколькі, як думаю, такая агітацыйная праца праводзілася і з іншымі абітурыентамі. Набраць жа на курс трэба было больш за 200 чалавек. І вось пры магчымасці выбару паехаць з выкладчыкамі агранамічных спецыяльнасцяў паглядзець палі, ці пазнаёміцца з племпрадпрыемствам, перамагло жаданне накіравацца па другім маршруце.
Ніколі не ведаў, што адміністрацыя Гродзенскага прадпрыемства знаходзіцца ў пасёлку Берагавым, зусім побач з Гродна. У канферэнцзале адбылася сустрэча з Генеральным дырэктарам прадпрыемства Пятром Збігневічам Каштэлянам, як аказалася, выпускніком ГДАУ (ГСГІ) 1983 года. Слухалі з вялікай цікавасцю, бо дырэктару было што расказаць і пра сваё прафесійнае станаўленне і пра развіццё племпрадпрыемства, якой мае шмат накірункаў дзейнасці, сярод якіх асноўныя – гэта племянная праца і развядзенне сельскагаспадарчых жывёл, вытворчасць і рэалізацыя спермы быкоў і кнароў-вытворцаў, лабараторны аналіз малака па тлушчы, бялку, лактозе і саматычных клетках, экспарт, імпарт і рэалізацыя племянной буйнага рагатага быдла і свіней… Прадпрыемства таксама займаецца развядзеннем карпаў і шчупакоў ў азёрах каля Каробцыцаў, вытворчасцю і рэалізацыяй племянных пчаламатак і іншай прадукцыі пчалярства. У штаце 200 супрацоўнікаў, якія атрымоўваюць годную зарплату і старанна працуюць на розных участках.
Пасля такога знаёмства адправіліся ў цэнтр селекцыі і генетыкі ў свінагадоўлі, пабудаваны ў Шчучынскім раёне на тэрыторыі былога сада па сучасным праекце. Тыя, хто працуе ў гэтым цэнтры, жывуць недалёка ў спецыяльна пабудаваным аграгарадку. Мы апранулі накідкі і цэлафанавыя бахілы, каб зайсці ў дыманстрацыйную залу і пабачыць кнароў праз спецыяльнае зашклёнае акно. Сфатаграфаваць іх не давялося, бо шкло адбівала бліскавіцу. Але нехта назваў кнароў сланамі. Вось, мабыць, адкуль пайшла назва сала на Палессі – сланіна. І такіх сланоў ў цэнтры зараз утрымліваецца 191 галава. На ўсіх тэрыторыях цэнтра ляжаць кілімкі, якія добра змочаныя дэзрастворамі. Пазнаёміліся з лабараторыяй, у якой праводзяць развядзенне спермы кнароў і фасоўку.
Наступным аб’ектам для знаёмства быў Шчучынскі філіял Гродзенскага племпрадпрыемства. Зноў жа нас спаткалі каб расказаць аб працы прадпрыемства выпускнікі ЗІФа універсітэта - Салкевіч Антон Станіслававіч і Саладуха Юрый Адольфавіч. Здзіўляла ідэальная чысціня на тэрыторыі і ў памяшканнях. Нам не толькі зноў выдалі спецвопратку, але і пракантралявалі каб апрацавалі рукі дэзрастворам. Зноў пазнаёміліся з усім тэхналагічным працэсам ад нарыхтоўкі кармоў да атрымання спермы, кантролем яе якасці, расфасоўкай і захоўваннем. У спецыяльным банку зараз захоўваецца больш 5,5 млн доз спермы ад быкоў вытворцаў малочных парод еўрапейскай і паўночнаамерыканскай селекцыі, якія маюць прадуктыўнасць па маці больш, чым па 10000 кг малака, тлустасцю больш, як 4 %. Большасць быкоў мы змаглі пабачыць. Гродзенскае племпрадпрыемства, як мы зразумелі стаіць на сваёй значнасці на першым месцы ў рэспубліцы. І яго заслуга ў тым, што наша вобласць мае высокія паказчыкі па надоях. У завяршэнні знаёмства кіраўнік нашай групы Людміла Танана падзякавала кіраўніцтва прадпрыемства за магчымасць знаёмства з яго працай. У гэты дзень нас яшчэ чакаў абед, замоўлены ў адным з кафе горада Шчучына дырэктарам прадпрыемства. Далей фотарэпартаж.