Нездарма падрыхтоўчае аддзяленне нашага універсітэта прыкладвала шмат намаганняў, каб ва ўмовах, калі агульная колькасць абітурыентаў па рэспубліцы зменшылася, план набору студэнтаў на розныя спецыяльнасці быў выкананы. Можна сказаць, што ў гэтым годзе ён нават перавыкананы, бо колькасць прынятых на вучобу значна перавышае мінулагоднія паказчыкі. 70 асобаў паступілі з краін СНД на біятэхналагічны і ветэрынарны, эканамічны і бухгалтарскі факультэты. Я вельмі здзівіўся, калі на першай лекцыі па мікрабіялогіі для студэнтаў 2 курса агранамічнага факультэту заўважыў студэнта з Эквадору, які нават паспяваў нешта канспектаваць. Напярэдадні свята дзяўчаты са студэнцкага клубу вешалі аб’яву і прасілі Бога, каб толькі не было дажджу, абяцанага на 1 верасня сіноптыкамі. Думаю іх просьба была пачутая і на працягу ўсяе імпрэзы не выпала ні кроплі з неба.
Перад пачаткам лінейкі рэктар ГДАУ - Вітольд Казіміравіч Песціс яўна хваляваўся. Ён перад галоўным корпусам чакаў прыезду высокіх гасцей – старшыню Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, доктара эканамічных навук, прафесара Сямёна Барысавіча Шапіру, Героя Беларусі, старшыню СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, былога выпускніка нашага універсітэта Васілія Апанасавіча Рэвяку, інспектара па кадрам батальёна ДАІ УУС, маёра міліцыі Александра Віктаравіча Бахарава. У гэтым годзе лінейка была крыху далей ад корпуса, паколькі ідзе рэстаўрацыя галоўнага ўваходу да 60-годдзя універсітэту. Адкрылі цырымонію “Прысвячэння ў студэнты” вядучыя Ірына Таранка і Сяргей Чухноў. Для падняцця дзяржаўнага сцяга запрасілі студэнтку 5 курса факультэта бухгалтарскага ўліку Ірыну Баўтрукевіч і студэнта 3 курса факультэта аховы раслін Арцема Аўцынава.
Першым выступіў рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс, які уручыў сімвалічны ключ ад ведаў студэнту 1-га курса ФВМ Будрыку Паўлу. На сайце “Укантакце” я ўжо чытаў, як студэнты старэйшых курсаў абмяркоўваюць памеры таго ключа, прыкідваючы на 32 ён, ці на 36. Затым выступіў губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Барысавіч Шапіра, які паведаміў, што нягледзячы на тое, што яго запрашалі і ў іншыя універсітэты Гродна, ён выбраў аграрны, як больш блізкі. На што пазней Вітольд Казіміравіч сказаў: “І правільна, Вы не памыліліся з выбарам”. Пасля таго, як першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Аляксандравіч Дудук уручыў студэнтам “Заліковую кніжку” і “Студэнцкі білет”, павіншаваць першакурснікаў з першым днём вучобы выйшаў да мікрафону Васіль Апанасавіч Рэвяка. Ад студыі эстраднай песні “Вакал Тайм” лаўрэат фестывалю “Студэнцкая вясна-2010” Арцём Аўцынаў у якасці музычнага падарунку праспяваў песню “Прызнанне”. Я ўпершыню чуў такую прыгожую песню на роднай мове. Студэнтам былі прадстаўлены дэканы ўсіх факультэтаў, якія стаялі ў сваіх мантыях на ўзвышшы разам з прарэктарамі, а пры называнні іх прозвішча высока ўзнімалі руку ўверх і віталі студэнтаў, якія ў адказ віталі іх буйнымі апладысментамі. Ад імя дэканаў выступіў дэкан біятэхналагічнага факультэта Яўген Добрук. Інспектар ДАІ Аляксандр Бахараў нагадаў студэнтам, каб былі ўважлівымі на дарогах. Першакурснік эканамічнага факультэту Андрэй Ярмілаў зачытаў клятву студэнтаў.
Павіншавалі пасвечаных у студэнты камандзір студэнцкага атрада “Юнацтва” Ганна Гаўрылік і камісар атрада “Беларусь” Яўген Макар. Як ніяк, але ў 2010 годзе больш за 300 студэнтаў працавалі ў 13 студэнцкіх будаўнічых атрадах і нават на спартыўных аб’ектах у Сочы, аб чым хутка з’явіцца асобная інфармацыя на нашым сайце. Як і ў мінулым годзе, дэканы факультэтаў благаславілі сваіх студэнтаў на добрую вучобу, пасыпаючы іх зернем пшаніцы. Прагучаў міжнародны студэнцкі гімн “Гаўдэамус”, песня “Благослави Отчизну” у выкананні вакальнага квартэту, угару паляцелі звязкі каляровых шароў, ізноў пачуліся гукі Гімна Рэспублікі Беларусь. Пасля лінейкі, студэнты разбрыліся па сваіх факудльтэтах, дзе на сходах у прысутнасці дэканаў і будучых куратараў кожнаму былі ўручаны “Заліковыя кніжкі” і “Студэнцкія білеты”. Я наведаўся на падобную сустрэчу на аграфаку па запрашэнні намесніка дэкана агранамічнага факультэта Васіля Мікалаевіча Салея, на якой студэнтам быў прадстаўлены новы дэкан факультэту Алег Часлававіч Кажанеўскі. Як ні круціў, прадставіць усе фотаздымкі тут - не атрымалася. Заходзьце да мяне ў альбом на сайце “Укантакце”.