Галоўны арганізатар форуму прафесар Аляксандр Аутка, які ўжо некалькі гадоў працуе ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Напэўна ў галіне гароднінаводства ў Беларусі няма больш знакамітага вучонага, чым Аляксандр Аляксандравіч. Гэта ён запрасіў гасцей з Беларусі і іншых краін, фермераў, каб прадэманстраваць, як працуе тэхніка, створаная на заводзе “Тэхмаш”, які на форуме прадстаўляў тэхнічны дырэктар завода Сямён Ягоўдзік. А каб параўнаць гатункі ды гібрыды розных агароднінных культур, на тэрыторыі Гродзенскай агародніннай фабрыкі з вясны былі закладзены дэманстрацыйныя дзялянкі.
Ранкам 6 верасня падчас рэгістрацыі ўдзельнікі форума маглі пазнаёміцца з шыкоўнай выставай агароднінных культур і прадукцыяй розных айчынных і расійскіх фірм. З Расійскай Федэрацыі на форуме прысутнічала дастаткова вялікая дэлегацыя, як і з Узбекістану. Нашу суседку Літву прадстаўляў прафесар, прэзідэнт Міжнароднай гільдыі прафесіяналаў якасці Даліюс Серафінас.
Пленарнае паседжанне, на якім акрамя ўдзельнікаў форуму, прысутнічалі і студэнты ГДАУ, адчыніў рэктар Вітольд Казіміравіч Песціс. На форуме выступілі намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Уладзімір Уладзіміравіч Гракун, старшыня Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкаму Валерый Уладзіміравіч Хелскі, дарадца губернатара Андзіжанскай вобласці Рэспублікі Узбекістан Астанакул Мірзаеў, генеральны дырэктар аграхолдзінга “Пошук” Мікалай Кліменка, Даліюс Серафінас, дырэктар Гродзенскай агародніннай фабрыкі Валерый Астапчык, прафесар ГДАУ Аляксандр Аутка.
Другая частка форума была праведзена на тэрыторыі Гродзенскай агародніннай фабрыкі, дзе спачатку прадстаўнікі фірм расказалі і прадэмастравалі гібрыды морквы, цыбулі, капусты, перцаў, таматаў, кавуноў, фасолі і іншых культур, а затым адбылася дэманстрацыя комплексу машын для экалагічнага і арганічнага земляробства. Яны былі паказаны ў працы.
І на выставе, і на тэрыторыі агародніннай фабрыкі былі шырока прадстаўлены гатункі і гібрыды кавуноў, а пра іх прамысловае вырошчванне ва ўмовах Беларусі расказаў Сяргей Валасюк, які нават кандыдацкую дысертацыю абараніў па тэхналогіі вырошчвання гэтай культуры. З яго выступу удзельнікі форуму даведаліся, што ураджайнасць кавуноў у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці ў гэтым годзе склала 100 тон з гектару.
Пасля абеду і да 19.00 ужо ў актавай зале аграрнага ўніверсітэта працягваліся выступы спецыялістаў агароднікаў і тых, хто садзейнічае ахове раслін і атрыманні высокага ўраджаю. Сярод выступоўцаў тыя, хто знаёміў з гатункамі і гібрыдамі беларускай селекцыі - дырэктар “Інстытута гароднінаводства” Андрэй Чайкоўскі, генеральны дырэктар федэральнага навуковага цэнтру (Расія) Аляксей Салдаценка, які пазнаёміў з новымі гатункамі агародніных культур для прамысловай вытворчасці гародніны, Аляксей Собалеў расказаў пра асартымент гатункаў і гібрыдаў селекцыі кампаніі “БейоЗадэн” на беларускім рынку.
Аб прымяненні біяпрэпаратаў кампаніі БелУніверсалПрадукт пры экалагічным земляробстве ва ўмовах Ферганскай даліны распавёў Ураімаў Тофехіржон, а пра свае біяпрэпараты і арганамінеральныя ўгнаенні прысутным расказаў дырэктар “БелУніверсалПрадукт” Аляксандр Шабанаў. Вядучы спецыяліст фірмы “АВГУСТ” Сяргей Бачкароў падзяліўся інфармацыяй аб прымяненні прэпарата прыроднага паходжання “МатрынБіо”супраць белакрылкі, пауціннага кляшча і тлі на агароднінных культурах.
На форуме закраналіся пытанні перапрацоўкі агародніны, яе збыту, стварэння заканадаўчай базы для развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі і іншыя. Падобны форум быў першы, але, трэба спадзявацца, не апошні.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии