Роўна 20 гадоў таму ў Гарадку на Беласточчыне у сярэдзіне ліпеня адбыўся першы фестываль беларускай рок-музыкі пад назвай “Басовішча’90”. Гарадзенцы, запоўніўшы цэлы “Ікарус” адправіліся туды. Даставіў жа ён тады для мяне клопатаў, бо калектыўных паездак такіх за мяжу было не так і шмат. Таму трэба было аформіць для вялікага калектыву візы, напісаць ліст да памежнікаў, каб нас прапусцілі. З нашых сельгаснікаў, акрамя мяне, ездзілі Міхась Амялішка – выкладчык фізікі, ды Юсуф Крыніцкі – былы студэнт зоаінжынернага факультэту, пазней застрэлены бандытамі ў магазіне “Маскоўскі” на вуліцы Ажэшкі (меў надта вялікія грошы, як адзін з актывістаў татарскай суполкі).
Усе былі згодны ехаць у той лясок пад Гарадком, дзе планаваўся музыкальны фестываль. Але, як толькі даехалі да Беластоку, захацелі застацца начаваць у горадзе. А як? У аўтобусе не дазвалялася, як і зараз. І таму давялося папрасіць у беластоцкага беларуса Віктара Стахвюка дазволіць пакарыстацца яго хатнім тэлефонам. За гадзіну ён мабыць добра разагрэўся, пакуль я тэлефанаваў сваім знаёмым каб разабралі да сябе нечаканых гасцей. Дзень ці два мы пабылі на Басовішчы і раніцай адправіліся пад Грунвальд. Тады там адзначаліся 580-я ўгодкі перамогі Каралеўства Польскага і ВКЛ над крыжакамі. Мы адправіліся адной дарогай, Міхась Ткачоў – прафесар гісторыі і былы прэзідэнт клуба “Паходня” з мінскай дэлегацыяй праз Варшаву. Яны дабраліся крыху пазней. Свята, на якое былі запрошаны самыя высокія госці, распачалося з урачыстага мітынгу. Там прысутнічалі тыя, каго мы добра ведалі ў твар, а дакладней прэзідэнты Польшчы і Літвы – Ярузэльскі і Ландсбергіс, іншыя высокія асобы. Не было толькі нікога афіцыйнага ад Беларусі. А гэта адзначала, што ў выступах гучала, што перамога здабытая палякамі ды літоўцамі з удзелам рускіх слаўная падзея сярэднявечча. Было крыўдна. Але наша з’яўленне на Грунвальдскім полі пераблытала ўсе карты арганізатараў. Гэта быў час беларускага нацыянальнага адраджэння, нефармальнага вяртання з забыцця старажытных сімвалаў Беларусі – гербу “Пагоня” і бела-чырвона-белага сцягу. Дык вось, да таго, што амаль кожны з гарадзенцаў меў з сабою нацыянальны сцяг, мінская дэлегацыя прывезла яшчэ і ўсе копіі харугваў ад кожнага з беларускіх гарадоў, воіны з якіх удзельнічалі ў бітве. Там на самых розных фонах была адна і тая ж выява вершніка з мячом. Яны адпавядалі якраз тым выявам, якія знаходзіліся на стэле ў гонар перамогі.
Нашы харугвы і сцягі, калі іх развярнулі запаланілі ўсё поле. Усе зварухнуліся – а хто ж гэта там ідзе? – задумваліся прысутныя. Адказ мог быць толькі адным – Беларусы, нашчадкі 30 з лішкам харугваў, якія змагаліся пад Грунвальдам. Так у той раз была выпраўлена памылка кіраўніцтва нашай маладой беларускай дзяржавы, гатовай было аддаць перамогу нашых продкаў іншым народам. Ніхто ж на слых не ўспрымае літвінаў як беларусаў, усе думаюць, што гэта літоўцы. Спявалі ў той час мы калектыўна і магутна нашы беларускія песні і не засталіся незаўважанымі.
У гэтым, 2010 годзе, споўнілася роўна 600 гадоў са дня перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Я амаль год марыў аб гэтай паездцы і вось 44 чалавекі ад Гродна на заказаным аўтобусе 16 ліпеня зранку адправіліся ў далёкую дарогу, бо ехалі вельмі доўга і здзіўляліся, як пераадолелі такі шлях калісьці нашы продкі. Акрамя нас былі там і тыя, хто дабіраўся іншымі шляхамі. Рыцары даехалі на поле на колькі дзён раней і ўжо добра аснаваліся – паставілі не толькі намёты, але і агарадзілі іх, стварылі ўсе ўмовы для пражывання, пэўна, ідэнтычныя тым, якія маглі быць 600 гадоў таму назад. Мы прыпаркавалі свой аўтобус на ўбраным ячменным полі, паставілі намёты і былі вольнымі ў сваіх вандроўках. Добра, што разам ездзіў і былы наш выпускнік, які ўжо адслужыў у войску, а зараз вярнуўся на некалькі дзён з Даніі, дзе займаецца гадоўляй норкаў. Бо, заблукаць аднаму на тых прасторах вакол поля было бы не складана, асабліва, пры маім тапаграфічным крэтынізме. Па дарозе здзіўляла ідэнтычнасць вобразаў шматлікіх прысутных тым часам. Гэта і вопратка, якую я не рызыкнуў бы апрануць на сябе. Але ў ёй хадзілі, і гэтым ганарыліся. А якія кнігадрукары выдатныя, самі вырабляюць паперу і тут жа адціскаюць нейкія надпісы на лацінскай мове з імем іх будучага ўладальніка. Іншыя майстры вялікай кавадлай чаканяць манеты з юбілейным надпісам, а яшчэ іншыя могуць тут жа златаць са старажытнай тканіны зрэбную вопратку для цябе. А які старажытны хлеб выпякаюць, намазваюць на яго нейкі смалец, ды выдаюць да яго яшчэ пахучы салёны агурочак з цэбра. Калі хочаш запіць, то наліваюць і квасу. Не спрабаваў. Такіх чэргаў было не выстаяць. Літоўцы гандлявалі не толькі сваім хлебам, але і “Лідскім” квасам – 100 г на нашы 1000 рублёў. Прысмакаў было шмат, але ж трэба было есці тое, чым запасліся ў Беластоку. Смяяліся, калі з-за гарачыні, не маглі вызначыць, што гэта за прадукт такі купілі ў гандэлку, які пацёк і страціў форму. Ахаладзіцца можна было хіба што толькі півам аднае польскай фірмы, іншага не было.
У той жа першы дзень хадзілі глядзець на рэпетыцыю будучай бітвы, хіба што даспехі воіны выкарыстоўвалі значна лягчэйшыя, чым на наступны дзень. Здзіўляе, як гэта тэкст бітвы на польскай мове маглі разумець і чэхі, і немцы, і нарвежцы, і рускія…І не пераблытать дзе, каго і як трэба было біць. Паўсюль можна было спаткаць групы музыкаў са старажытнымі інструментамі. З Беларусі там іх было некалькі, але памятаю толькі адну “Тэстамнент”. На невялікім агароджаным полі праходзілі бітвы паміж рыцарамі з розных краін. На нашых вачах быў паранены беларускі рыцар, якога хуткая дапамога адвезла ў мясцовую бальніцу. Як даведаўся пазней, нічога страшнага там не здарылася. Біліся групамі, напрыклад, палякі і беларусы супраць рускіх і украінцаў. Адзін раз перамога, другі – наадварот. Вечарам беларускія рыцары, музыкі, ды і мы засядзеліся ў кавярні за півам. Як аказалася, там былі беларусы з Мінску, Гродна, Вільні, Прагі, расіяне з Пскову. Як добра, што апошнія не разумелі, што спяваецца ў тых старажытных беларускіх песнях пра маскалёў… Разыходзіліся на світанні. Кагосьці чакала бітва, кагосьці нагляданне за ёю.
Першай справай сфатаграфаваліся на ўспамін аб паездцы. Было колькі часу да бітвы, якая пачынаецца ў 14 гадзін. Хочацца заняць месца як мага бліжэй, але ж як там выседзець, калі слупок тэрмометру пераваліў за 35 градусаў вышэй нуля. Прыехалі кіраўнікі. Выступіў перад харцарамі міністр культуры. Да стэлы дэлегацыі ўскладваюць кветкі. Бачны нават старэйшыя літоўцы. І тут бачу, як да яе накіроўваюцца з двух бакоў нашы сцягі. Не ведаю, ці ўсклалі яны кветкі, але за стэлай размінуліся і выйшлі ў розныя бакі. Глядзелася гэта незвычайна. Рызыкаваў без вады страціць прытомнасць, але і да яе дастаяцца было не проста. Магчыма з паўмільёна народу сабралася, каб паглядзець рэканструкцыю бітвы. Паспрабуй далезь усюды і сфатаграфуй. І таму сама бітва падаецца на нашым сайце ў фотаздымках асобна. Пасля бітвы поле засталося вытаптаным настолькі, што пачыналіся пыльныя шугавеі. Ахаладзіцца можна было зноў жа толькі півам. Па дарозе зайшлі два беларускія рыцары, пасядзелі разам, пагаварылі. Ад фірмы кока-кола яны атрымалі ўпакоўку напою за магчымасць сфатаграфаваць іх з колай дзеля рэкламы. У гэты час нямецкія перавозілі на трактары ў свой стан непад’ёмную амуніцыю. Тут жа я даведаўся, што рыцарская дэлегацыя ад Беларусі налічвае 200 асобаў, з якіх 90 рыцараў, што прадстаўляюць 20 розных клубаў, а дапамогу ў арганізацыі паездкі аказала ім наша міністэрства культуры. Па нашым часе выехалі дахаты ў 22 гадзіны, а вярнуліся ў Гродна ў 8. Далей фотарэпартаж, у які не ўключаны моманты бітвы, якія пададзены на сайце ў іншым матэрыяле.
Матэрыял падрыхтаваны
дацэнтам кафедры
мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда