Студэнты агранамічнага факультэта стопрацэнтна ахоплены навуковай працай, па выніках якой пішуць і абараняюць дыпломныя работы. Хаця ў мяне і не выпускная кафедра, але ўжо па традыцыі штогод атрымоўваю 3-4 студэнты факультэта, з якімі выконваем мікрабіялагічныя даследаванні ўплыву сістэм угнаенняў і апрацоўкі глебы на мікрафлору яе і ураджайнасць культур у севазвароце.
У гэтым годзе, як і звычайна, двойчы – падчас вегетацыі і пры ўборцы азімага трыцікале мае студэнты адабралі ўзоры глебы для уліку ў ёй розных груп мікраарганізмаў. 30 ліпеня, крыху раней, чым у мінулым годзе, павінны былі ўбіраць трыцікале, дзеля чаго некалькі студэнтаў былі адкліканы з канікулаў і прыехалі ў Гродна на ўборку. Ужо на вопытным полі даведаліся, што камбайн будзе ўбіраць рапс і нам амаль што трэба збірацца да хаты. Губляць яшчэ адзін дзень не хацелася і мы чакалі. Нарэшце ў 14 гадзін загадчык вопытнага поля прадаставіў нам грузавую машыну для абмалочанага зерня і ўборка пачалася. Але і да яе час не быў страчаны марна. Маючы студэнтаў, якія прайшлі такі прадмет, як асновы навуковых даследаванняў, які вёў у іх прысутны на полі Пётр Леанідавіч Тарасенка, зрабілі разбіўку поля, што вызвалілася пасля ўборкі Ядвісі – высокаўраджайнага гатунку пшаніцы, выведенага доктарам навук Канстанцінам Уладзіміравічам Калядой. Наглядаючы за працай я нарэшце прыгадаў тое, чаму нас вучылі 35 гадоў назад. А так, здаў тады на выдатна асновы навуковых даследаванняў, а каб давялося самому разбіць поле, то ці справіўся бы. З’ездзілі да Пятра Леанідавіча на дачу, дзе нарвалі агуркоў, цыбулі, з халадзільніка забралі апошні кавалак хатняга сала, ды заехалі ў магазіны Зарыцы штосьці купіць, каб паесці самім і пакарміць студэнтаў. Вельмі быў здзіўлены нішчымнасцю магазінных паліц і халадзільнікаў населенага пункта пры самым абласным цэнтры. У вёсцы на брэстчыне, дзе зараз адпачываюць мае дзеці і ўнучка, ёсць нармальны выбар каўбасных вырабаў.
Уборка азімага трыцікале працягвалася 2,5 гадзіны. Спачатку ўбралі ахоўныя поласы, пасля чаго для вызначэння ураджанасці невялікі камбайн Campa з захопам у 2 м ехаў па цэнтры дзялянкі, абмалочваў збожжа, якое ссыпалася ў асобную торбу. Студэнты іх толькі прышпільвалі ды адшпільвалі. Насілі на вагі, узважвалі, адбіралі для далейшых даследванняў па кілаграмы са два з кожнай дзялянкі, астатні ураджай ссыпаўся ў кузаў машыны. Добра ж калі трэба было несці торбу з ураджаем кантрольных дзялянак, дзе за 7 гадоў севазвароту не ўносіліся ніякія ўгнаенні. Як ні дзіўна, але ўсе культуры на такіх дзялянках раслі і давалі ураджай, у прыватнасці, трыцікале не меншы, чым сярэдняя ураджайнасць збожжавых па рэспубліцы ў гэтым годзе. На ўгноеных жа варыянтах па папярэдніх падліках яна была блізкай да 70 ц/га.Тут ўжэ трэба было памучыцца, каб прыцягнуць мех да вагаў. Пасля працы студэнты адправіліся з Пятром Леанідавічам на яго машыне да універсітэту, я ж на прыпынак у Зарыцы, дзе спаткаў свайго былога куратара Віктара Аляксеевіча Белбухава, які вяртаўся са сваёй дачы да хаты. Дзякуючы гэтай сустрэчы я даведаўся, што Віктар Аляксеевіч быў студэнтам самага першага набору студэнтаў у ГСГІ у 1951 годзе. Зараз ён у свае 81 год яшчэ працягвае працаваць на кафедры ў ГДАУ. Невялікі фотарэпартаж аб навукова-агранамічнай практыцы студэнтаў глядзіце тут.