Спачатку колькі слоў аб арганізацыі, пад кіраўніцтвам якой адбыўся ў гэтым годзе ўжо трэці сумесны беларуска-нямецкі летнік, куды ўвайшлі маладыя людзі з розных земляў Германіі, а таксама студэнты ГДАУ, БДУ і БДСГА, якая месціцца ў Горках. “Народны саюз Германіі па ўходу за магіламі” – гуманітарнае грамадскае аб’яднанне, якое займаецца зборам інфармацыі пра пахаванні нямецкіх ваеннаслужачых за мяжой, іх захаваннем і даглядам. Існуе са снежня 1919 года. У 1933 годзе быў распушчаны і аднавіў сваю дзейнасць толькі ў 1946 годзе. Зараз у Народным саюзе… каля 1,3 мільёна сябраў і спонсараў. На аснове двухбаковых дамоў ён выконвае свае задачы ў 44 краінах Еўропы і Паўночнай Афрыкі. 90 % сродкаў для саюза паступаюць ад узносаў, ахвяраванняў, збораў па кватэрах і на вуліцах, а 10 % з федэральнага бюджэту і бюджэту земляў. Зараз дамовы аб супрацоўніцтве не ратыфікавалі толькі Чэхія і Беларусь, але рэгіянальнае прадстаўніцтва Народнага саюзу Германіі па ўходу за магіламі ў Мінску ёсць, так як і ў Кіеве і Маскве. У нашай краіне ёсць двое зборных могілак нямецкіх салдат, што загінулі падчас другой сусветнай вайны – у Бярозаўскім і Бабруйскім раёнах, куды адбываецца перазахаванне праху з раскіданых па тэрыторыі Беларусі магіл.
Дзіна Міхайлаўна Суленка з аддзела міжнародных адносін папрасіла правесці для ўдзельнікаў моладзевага міжнароднага летніка экскурсію па гораду. Да абеду яны наведалі ўжо музей ГДАУ, пасля абеду па дарозе са сталовай завода “Таргмаш” завёў у корпус раслінаводства, каб паказаць старыя, з 18 ці 19 стагоддзя, каміны. На экскурсію адправіліся аўтобусам. Госці з Германіі папрасілі паказаць сучасную гарадскую забудову. Было складана штосьці расказваць пра сучаснасць – пачалі з раёна Дзевятоўкі, пахадзілі па новым мадэрновым каталіцкім касцёле, даехалі да вуліцы Соламавай, адтуль ў пасёлак Паўднёвы, каб паказаць і прыватную забудову. Якраз адтуль добра бачны ўсе новабудоўлі Вішняўца. Такая экскурсія ў маім жыцці была ўпершыню. Старую частку горада ўдзельнікі лагеру абыйшлі яшчэ напярэдадні, дабраліся нават да Калізею. На наступны дзень яны працавалі на вайсковых могілках на вуліцы Белуша. У той частцы, дзе былі пахаваны нямецкія воіны Першай сусветнай вайны, ачысцілі ад зямлі вялікую пліту і на паверхні аказаўся крыж, характэрны для Прусіі, што ўказвае на тое, што ў Гродна ваявалі ў Першую сусветную вайну войскі прускага паходжання. Розныя каналы тэлебачання паказалі працу ўдзельнікаў летніка на могілках.
Наступным днём мы разам адправіліся на зборныя могілкі, што знаходзяцца ў 11 км ад горада Бярозы. Па дарозе наведаліся на колькі хвілін да Ружанскага і Косаўскага замкаў, якія пакрыху ўжо рамантуюцца, пазнаёміліся з адноўленай сядзібай Касцюшкі. На знаёмства з музеем часу не было. Па могілках праводзіў экскурсію Дзіега Фойгд – кіраўнік нямецкай дэлегацыі, які на Беларусі знаходзіўся ўжо ў пяты раз. Ён распавёў аб усіх знаках, якія ўстаноўлены на могілках. Аказалася, што на могілках, разлічаных на 44 тысячы пахаванняў, зараз перазахаваны толькі 3,5 тысячы. Немцы прах сваіх воінаў не вывозяць у Германію, а на сваёй тэрыторыі даглядаюць за ўсімі магіламі, нягледзячы на тое, да якой краіны адносяцца пахаваныя. Нехта з нашых запытаў ці магчыма зрабіць перазахаванне сваяка з Германіі ў Беларусь. Дзіега растлумачыў як гэта можна зрабіць.
Далей была Брэсцкая крэпасць, у якой я і сам быў упершыню. Планавалася экскурсія, якую павінен быў праводзіць зноў жа Дзіега. Ён распавёў асаблівасці мемарыялу – манументальнасць скульптур, выкарыстанне музыкі. Мы даведаліся, што музыку да песні “Вставай, страна огромная” напісаў нямецкі кампазітар. Але, паколькі ён тлумачыў гэта пытаннем да ўсіх, то пачалі адгадваць, і з пачутых прозвішчаў я баюся пераблытаць сапраўднае. Тут жа можна было на непрацяглы час апрануцца ў форму савецкіх салдат розных родаў войск часоў вайны. Зрабіць гэта асмеліліся студэнт біятэхналагічнага факультэту ГДАУ Міша Сямашка, нямецкая студэнтка Эльфі і працаўнік банку Марыус Мюлер. Апранутыя ў форму яны былі вельмі падобны да сапраўдных савецкіх воінаў. Экскурсіі з-за гэтага не атрымалася, бо ўсе разбрыліся па тэрыторыі крэпасці невялікімі групамі. Каля дзьвюх гадзін было дадзена для знаёмства з цэнтрам Брэсту. На маё здзіўленне цэнтр аказаўся больш прыстасаваным для адпачынку, чым у Гродна. Больш невялікіх кавярняў і піццэрый, лягчэй знайсці месца для вялікай групы, чым у нас. Уразіў і манумент з усімі знакамітасцямі і падзеямі, звязанымі з гісторыяй Брэста. Паездкай усе былі задаволены. Спявалі песні, прычым, хто каго пераспявае. Было бачна, што больш, чым адзін слупок ніхто зараз і не ведае. Гэта ў наш час і хлопцы і дзяўчаты вялі спеўнікі, у якія аднакашнікі пісалі найбольш папулярныя песні. Паспрабуй не вывучы. Ды і ўвесь рэпертуар не такіх тады шматлікіх спевакоў ведалі не так, як зараз.
Раніцай у пятніцу усім летнікам хадзілі ў аблвыканкам, дзе адбылося спатканне з намеснікам губернатара, доктарам медыцынскіх навук – Жук Ігарам Георгіевічам. На сустрэчы прысутнічалі Скрабко Павел Канстанцінавіч, Сцепаненка Ірына Браніславаўна, Сверковіч Станіслаў Імануілавіч, які перакладаў з нямецкай і на нямецкую мову тое, што гаварылася. Усім гасцям былі падараваны рэкламныя выданні з асноўнымі гістарычнымі помнікамі Гродзенскай вобласці на нямецкай мове. У размове ўдзельнічалі Ігар Георгіевіч Жук, Дзіега Фойгд, Ілля Лапато, Павел Скрабко, Марыус Мюлер, Дзіна Суленка. У выступленнях гучала, што летнік, акрамя сумеснай працы па ўходу за магіламі, садзейнічае знаёмству з гісторыяй і культурай абодвух народаў, навязванню кантактаў паміж моладдзю. Як сказаў Дзіега - пасля летніка кожны яго ўдзельнік стане своеасаблівым паслом Беларусі ў Германіі, а тое, што адбылося тройчы, можна лічыць ужо традыцыяй. Дзіна Міхайлаўна падзякавала намесніка губернатара, супрацоўнікаў аблвыканкама за праведзеную папярэднюю працу па падрыхтоўцы і арганізацыі летніка. А Ігар Георгіявіч Жук падзякаваў за наведванне аблвыканкама, за сустрэчу, за добрыя словы і пажадаў гасцям паспяховай вучобы і працы. Не бывайце, а да пабачэння і новых сустрэч, - сказаў ён.
На наступны дзень, нягледзячы на дождж, на вайсковых могілках да помніка савецкім салдатам быў ускладзены вянок ад беларускай і нямецкай моладзі. У невялікім мітынгу ўдзельнічалі прадстаўнікі аблвыканкаму і кіраўнік прадстаўніцтва Народнага саюзу Германіі па ўходу за магіламі ў Беларусі - Людміла Качановіч. Працяг мітынгу адбыўся ў кавярні “Спадчына”. Пры гэтым на двух мовах прагучалі словы Памяці паўшых, якія прыведзены ніжэй: