Адразу пасля прыезду ў Гародню яна пабывала ў нашым корпусе раслінаводства, які адным з першых быў перададзены пры стварэнні Гродзенскаму сельскагаспадарчаму інстытуту ў 1951 годзе. Тут на пачатку XX стагоддзя яшчэ пражываля сям’я князёў Друцкіх-Любецкіх, якія мелі некалькі цагельных заводаў і таму, прыгожыя дамы ў горадзе, пабудаваныя з моцнай жаўтаватай цэглы - гэта іх рук справа. Некалькі такіх будынкаў захаваліся на вуліцы Яна Каханоўскага. Акрамя Станіславова Друцкім-Любецкім належала і Панямунь.
Уладальнік палаца Станіславова Уладзіслаў Друцкі-Любецкі перабраўся быў у бацькоўскі палац ў Шчучыне, але доўга не пажыў і быў забіты па дарозе на чыгуначны вакзал ў 1913 годзе. Здавалася, што галіна Друцкіх-Любецкіх згінула. І раптам такое адкрыццё, Уладзіслаў меў братоў Францішка і Аляксандра. Сярод дзяцей у Аляксандра быў сын Францішак Ксаверыя, у якога нарадзіліся 5 дзяцей, сярод іх і наша госця Эльжбета, якая нарадзілася ў 1943 годзе ў Польшчы. Пасля сям’я пераехала ў Германію, пасля ў Францыю пакуль не спынілася ў Бельгіі ў Бруселі. У самой князёўны Эльжбеты, якая выйшла замуж за бельгійца, 4 дачкі, якія жывуць у розных краінах. Але, ў адрозненні ад сваёй мамы, у іх ужо іншыя прозвішчы.
Сустрэча з Эльжбетай Друцкай-Любецкай адбылася ў Генеральным консульстве РП у Гродна, куды мяне запрасіла Ірэна Валюсь реэдактарка газеты "Głos znad Niemna na Uchodźstwie". Адчыніў сустрэчу генеральны консул. Шмат пытанняў давялося госці задаваць мне, паколькі ніяк не мог зразумець яе сувязь з нашымі Друцкімі-Любецкімі. Па дарозе ў Шчучын наша размова працягвалася, Эльжбета прапанавала паглядзець на яе радавод, каб разабрацца. Пачынальнікі рода – Рурык, Ігар, Святаслаў, … Уладзімір і Рагнеда, … Уладзімір Манамах...і так некалькі старонак. Ну хто ў нас можа пахваліцца такім веданнем сваіх продкаў.
Суправаджаў князёўну і яе сяброўку прафесара Тэрэсу Красоўскую з Любліна ў Шчучын адзін са старэйшых гідаў Гродна Вітольд Іваноўскі, з якім у мяне свае рахункі. Роўна сто гадоў таму, у 1919 годзе, яго дзядзькі спалілі цалкам маю вёску. Праўда, мае аднавяскоўцы заслугоўвалі гэтага, арганізавалі партызанскі атрад, змагаліся з польскімі легіянерамі, дазмагаліся. Нягледзячы на тое, што я гэтага не забываю, з Вітольдам мы ў добрых стасунках. Тым больш, я яго вельмі паважаю за веданне гісторыі. Па дарозе, праязджаем Абухава і тут ён спыняе бусік і распавядае пра вялікую бітву на полі паміж Чырвонай арміяй і войскам польскім у 1920 годзе, калі ўсё поле было ўсыпана трупамі.
Пасля смерці Уладзіслава яго жонка Марыя запрашае сваяка, які пазней быў Міністрам эканомікі Польшчы, да сябе ў Шчучын. Вітольд расказвае, што ў 1914 годзе Марыя на працу запрашае Яна Францавіча Глаза, які служыў у войску і быў ветэрынарным урачом. Запытала колькі ў яго дзяцей. Калі даведалася, што трое, загадала штодня для яго сям’і выдзяляць па 6 л малака. А пазней, калі Ян вылячыў, быка, прывезенага з Англіі, князь сказаў, што ён мае права харчавацца з княжаскага стала.
Пасля распада СССР палац, які знаходзіўся на балансе ў лётчыкаў, аказаўся без гаспадара. Пачаў разбурацца і ўжо сын Яна Уладзімір Глаз пачынае змагацца за яго. Звяртаецца да Прэзідэнта, выступае на Сэйме РП, піша Папу Рымскаму. Нарэшце дах аказваецца накрыты. Гэта і выратоўвае палац. Па запрашэнні Уладзіміра прыязджаюць нашчадкі Друцкіх-Любецкіх з Італіі, Англіі (4 асобы), якія адмаўляюцца рэстаўраваць будынак (даведаўся ад яго сына прафесара Аляксандра Уладзіміравіча Глаза). Дарэчы і А.У. Глаз і яго сын Аляксандр па спецыяльнасці таксама ветурачы. Апошні ў чацвёртым пакаленні. Наколькі я зразумеў, аб тым, што да князёўны Эльжбеты прыязджалі і іншыя Друцкія-Любецкія у Шчучын, ніхто, акрамя Аляксандра Глаза, не ведае.
У Шчучыне нас сустракае Аляксандр Амшэй, які адказвае ў райвыканкаме за турызм. Едзем да палаца Друцкіх-Любецкіх, які здзіўляе сваёй адрэстаўраванасцю, якую зрабілі да дня беларускай пісьменнасці ў 2017 годзе. На высокім ганку адбываецца фотасесія маладых. Князёўна Эльжбета падыходзіць і віншуе. Фатаграфуюцца разам. Жаніх прапануе ёй стаць пасяродку, на што княжна адказвае – не хачу разбіваць маладых.
Калі мы будзем пакідаць палац, на вуліцы з’явіцца вялікая група школьнікаў і мы зноў арганізуем калектыўнае фота.
Князёўна Эльжбета Друцкая-Любецкая добра валодае французскай, ангельскай, польскай мовамі. Праўда, я заўважыў, што яна размаўляе на польска-беларускай трасянцы, ад чаго ўсё вельмі зразумела. Яна гэтага і не адмаўляе. Ведае яшчэ і рускую мову. Работнікі палаца запрашаюць у музей, дзе ёсць і фотаздымак Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага, які на пачатку 19 стагоддзя пабудаваў палац, даў грошы на касцёл св.Тэрэзы. Гэта прапрапрадзед нашай госці.
Сярод экспанатаў музея ёсць і радавод князёў Друцкіх-Любецкіх, які пасля знаёмства і пасля абмену каардынатамі пэўна будзе ўдакладняцца ўжо сумесна з князёўнай Эльжбетай. У адным з пакояў музея стаяў і партрэт дзеда Эльжбеты - Аляксандра. Я пачуў, як яна гаварыла, што трэба будзе ў наступны раз прывезці сюды сваіх дзяцей. Яна захаплялася прыветлівасцю беларусаў усюды, дзе іх сустракала.
У музеі стаяла піяніна, Терэса Красоўска, як спецыяліст па музыцы грае нейкую песню ці гімн, Эльжбета падпявае. Наступным музычным творам у выкананні Тэрэсы становіцца “Паланэз” Агінскага “Развітанне з Радзімай”.
Пасля наведвання касцёла піяраў, у якім ксёндз правёў для гасцей экскурсію, расказаў пра старыя абразы, паказаў месца пахавання продкаў Эльжбеты ў скляпеннях, мы паехалі ў Старыя Васілішкі. Раптам Вітольд Іваноўскі пытаецца ў князёўны. Дзе ў свеце ёсць яшчэ такія прыгожыя месцы? І мы чуем адказ Эльжбеты Друцкай-Любецкай – нідзе. Заехалі да палацу Іваноўскіх, у сям’і якіх было 5 сыноў, два палякі, адзін літовец і два беларусы. Калі мы ад’яджалі, дзеці памахалі рукамі і князёўна Друцкая-Любецкая памахала ім у адказ.
Каля музея Чэслава Немана ў Старых Васілішках гасцей сустракае яго дырэктар Уладзімір Сенюта, які сам ніколі не бачыў спевака ў рэале, але добра ведае пра яго. Ён расказвае колькі тысяч наведвальнікаў бывае ў музеі. Шмат, асабліва з Польшчы, былі толькі дзве дэлегацыі з Літвы. Захаваўся будынак, краты на вокнах. Рэчы сабраныя да эпохі, калі спявак рос у вёсцы. Пазней, калі стаў знакамітым, 4 разы прыязджаў дахаты.
У экспазіцыі шмат фотаздымкаў, ёсць і музыкальныя запісы, якія мы слухалі падчас частавання. Нягледзячы на тое, што князёўна Эльжбета арыстакратычная жанчына, з задавальненнем частавалася салам з зялёнай цыбуляй, піла гарбату з вішнёвым варэннем.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии