Штогод, вясною ў Беларусі адбываюцца экскурсіі, за якія не трэба аддаваць грошы. Не стаў выключэннем і гэты год. Экскурсій было столькі, што наведаць усе магчымасці не было. Асаблівасцю сёлетніх экскурсій было тое, што яны адбываліся ў будынках розных канфесій горада.
Падчас вандровак, гідамі якіх былі святары можна было наведаць некалькі Гродзенскіх храмаў. Экскурсію ў касцёле Брыгітак праводзіў святар Антоній Грэмза. Наведвальнікі маглі пазнаёміцца з убраннем касцёла і музеем, які размяшчаецца ў скляпеннях пад касцёлам. Галоўнай святыняй у касцёле з’яўляюцца парэшткі рымскага воіна 4-га стагоддзя нашай эры, якія былі падараваны гораду ў 1781 годзе Папам Рымскім Клеменціем. Нашы студэнты адразу палічылі, што парэшткам на сёняшні дзень 1711 гадоў. Сёстры назарэцянкі, якія на пачатку XX стагоддзя змянілі ў манастыры брыгітак, змаглі захаваць шмат абразоў і іншых рэліквій, калі ў 1950-х гадах Брыгіцкі манастыр быў зачынены.
Экскурсію, па мясцінах гарада, звязаных з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, праводзіў гісторык Васіль Герасімчык, які зусім нядаўна выдаў пра Каліноўскага кнігу. Вандроўка пачалася каля шыльды, усталяванай каля чыгуначнага вакзалу. Васіль распавёў, як паўстанцы планавалі захоп губернскага горада – Гародні і як планы праваліліся з-за непаразуменняў чыгуначнікаў. Прайшліся з прыпынкамі па вуліцы Ажэшкі і Савецкай, падчас якіх даведаліся пра лёсы паўстанцаў і будынкі, звязаныя з іх дзейнасцю. Са студэнтаў на гэтай экскурсіі прысутнічала стараста маёй куратарскай групы Яна Гапонік.
Пасля заканчэння чарговай экскурсіі была магчымасць паслухаць святара ўніяцай царквы Андрэя Крата, які, акрамя гісторыі царквы, распавёў пра кожны абраз, які ў ёй знаходзіцца. Было шмат пытанняў. Кожны наведвальнік у падарунак атрымаў кніжыцу Аляксандра Надсана, з якім мы часта бачыліся ў 1990-я гады, калі ён прывозіў з Лондану лекі для беларускіх дзяцей з Чарнобыльскай зоны.
Наступную экскурсію праводзіў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы на вуліцы Ажэшкі яго настаяцель Георгій Рой. Акрамя гісторыі храма, ён расказаў пра святыні яго, а наведвальнікі змаглі падняцца на хоры і яшчэ вышэй, на месца, дзе размешчаныя храмавыя званы, прысутным дазволілі паспрабаваць самім пазваніць. Праз дарогу ўдзельнікі экскурсіі наведалі царкоўную рызніцу, дзе захоўваюцца старажытныя кнігі і абразы і пра гісторыю якіх а.Георгій падрабязна адказаў. А мне ён сказаў, што музей будзе створаны на першым паверсе, каб яго было больш зручна наведваць.
Добра, што Лютэранская кірха знаходзіцца побач з праваслаўным саборам, мы паспяваем яшчэ і туды. Зала запоўненая амаль цалкам. Перад прысутнымі выступае пастыр царквы Уладзімір Татарнікаў, якога змяняе арганістка Вера Латышэва. Недзе з паўгадзіны прысутныя слухалі гучанне аргана.
На наступны дзень, 14 красавіка, шмат экскурсантаў сабраліся ў Вялікай Харальнай Сінагозе Гродна. Экскурсію праводзіў старшыня іудзейскай абшчына Гродна Барыс Квяткоўскі. Каля паўтары гадзіны ён вёў свой расказ пра гісторыю яўрэяў нашага горада. Мне часта прыходзіцца слухаць экскурсіі Барыса Максавіча, які ніколі ў іх не паўтараецца.
Былі яшчэ экскурсіі ў Францішканскім касцёле, дзе можна было даведацца пра жыццё Мельхіёра Фардона, які ў хуткім часе будзе прызнаны трэцім каталіцкім святым Гародні. Чуў, што цікавыя экскурсіі былі праведзены Андрэем Чарнякевічам і Ігарам Лапехам. Шкада, што так мала студэнтаў ГДАУ іх наведала.
І ў заключэнні хацеў бы паведаміць, што ў суботу (20 красавіка) у 11 гадзін у Старым Замку адбудзецца экскурсія па багацейшай калекцыі насякомых. Памятаю, якое ўражанне аказала на мяне гэтая калекцыя, калі пабачыў яе ў 1980-х гадах.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии