21 верасня раніцай аўтобус, у якім ехалі выкладчыкі ГДАУ разам са сваімі калегамі з сельскагаспадарчых каледжаў Беларусі, якія прыехалі да нас на двухтыднёвае падвышэнне кваліфікацыі, быў перапоўнены. Ехалі знаёміцца з агранамічнай галіной дзейнасці СВК “Кастрычнік-Гродна”, а па дарозе раптоўна звянулі на Гродзенскую агароднінную фабрыку. Зараз разумею, што калі б не гэтая паездка, мабыць так і дажыў бы свой век, не пабачыўшы цуды і сакрэты вырошчвання памідораў.
Летам мае суседзі па вёсцы пыталіся, чаго гэта іх памідоры ў цяпліцы так выраслі ў вышыню, а я нават і не ведаў што адказаць. Бо і не прадпалагаў, што тут на фабрыцы яны дасягаюць 16 метраў у даўжыню. Кожная расліна сядзіць у невялічкім гаршочку з мінеральнай ватай, які ў інвідуальным парадку паліваецца па кроплям сумессю ўгнаенняў, якія ўтрымліваюць розныя патрэбныя элементы. Па меры росту сцябліны раслін укладваюцца паблізу полу, уся астатняя зеляніна замацоўваецца спецыяльнымі падвязкамі. Я бачыў фотаздымкі раней памідораў, з якімі праводзіць вопыты наш былы выпускнік, які зараз працуе ў навуковым цэнтры на поўначы Ізраілю. Каб пахваліцца сваімі дасягненнямі Аркадзь Красноўскі прысылае тыя фотаздымкі на маю электронную скрынку. Але яны там вырастаюць хіба што на метраў тры.
Экскурсію па фабрыцы праводіў таксама выпускнік ГДАУ Іван Іванавіч Касцюкевіч. Ён расказаў пра энергазберагальныя цяпліцы расійскай вытворчасці, якія займаюць плошчу ў некалькі гектараў. Пэўна ж і да стала саміх расіянаў трапляе наша гродзенская прадукцыя. Іван Іванавіч расказаў аб тэхналогіі вырошчвання, падкормках, абароне ад шкоднікаў і хвароб. Для ўсіх прысутных тое, што бачылі, хаця з-за санітарнай перасцярогі і не заходзілі ў самі памяшканні цяпліц, было цікавым. Даведаліся, што з 1 м квадратнага тут атрымоўваюць за вегетацыю па 43 - 46 кг памідор. Рэнтабельнасць іх вырошчвання 2,7%. Памідоры віселі ў большасці зялёныя, не пашкоджаныя, а калі з’яўляліся бурыя, работніцы іх зрывалі са спецыяльнай лесвіцы-вазка, яны ж абрывалі заадно лішняе лісце, рабілі перападвязку раслін. Мы бачылі, што ў бліжэйшы час без памідораў наш горад не застанецца, бо яны працягваюць расці і квітнець.
Наведалі і цяпліцы з агуркамі, рэнтабельнасць якіх тут вышэйшая, чым памідораў – 24,8 %. У верхняй частцы агуркі яшчэ ва ўсю цвітуць і завязваюцца. На далейшых фотаздымках можна пабачыць рост абедзвюх культур.