Адразу ж пасля агародніннай фабрыкі прадстаўнікі ГДАУ і аграрных каледжаў накіраваліся ў СВК “Кастрычнік-Гродна”. Імжыў невялікі дожджык і здавалася, што экскурсія па гаспадарцы можа і не атрымацца. Пакуль вырашаліся арганізацыйныя пытанні нецярплівыя схаваліся пад дрэвы, дзе дажджу не адчувалася. Не аднойчы даводзілася і мне працаваць на палях і ў садах “Кастрычніка”, але ў галоўнай сядзібе СВК - Квасоўцы быў упершыню. Як крыху пазней даведаўся – галоўным архітэктурным аб’ектам вёскі ці аграгарадку з’яўляецца адрамантаваны касцёл з 300-гадовай гісторыяй.
Перад будынкам праўлення гаспадаркі стаіць бюст былому старшыні, выпускніку нашага універсітэта Крэмко Віталю Іллічу, у гады праўлення якога гаспадарка “Кастрычнік” стала высокаразвітым аграрным прадпрыемствам. Ён быў узнагароджаны зоркай Героя Беларусі і таму такая пашана землякоў па праву апраўдана. Віталь Ілліч выхаваў трох сыноў, якія працягваюць яго справу, узначальваючы розныя накірункі дзейнасці СВК. Шкада, але старшыні мы так і не пабачылі. Спаткаў нас самы малодшы з дынастыі Крэмкоў, які працуе галоўным аграномам – Дзяніс Віталевіч Крэмко, які адразу ж пазнаў сярод прысутных свайго кіраўніка дыпломнай працы – Алену Браніславаўну Карпач. На гэтай пасадзе Дзяніс працуе ўжо з 2005 года. “Бачу, што такую дэлегацыю спецыялістаў трэба было б прымаць на больш высокім узроўні, чым галоўны аграном” – агаварыўся ён пры пачатку размовы. Але , як аказалася, Дзяніс вельмі добра арыентуецца ва ўсіх справах гаспадаркі, агульная плошча якой 9300 га, з якіх сельскагаспадарчых – 8300, а раллі – 7114 га. Мы мімавольна параўноўвалі гэтыя памеры з зямельнымі ўладаннямі гаспадарак, у якіх пабывалі летам. Аказалася нешта сярэдняе. Гаспадарка падзелена на чатыры вытворчыя ўчасткі, мае садаводчую і будаўнічую брыгады. Зараз сад займае тэрыторыю 235 гектараў і ў ім растуць каля 80 гатункаў яблык. Дзяніс гаварыў пра пілараму, малочны і забойны уэхі, пра пякарню, вытворчасць каўбас, якія рэалізуюцца як оптам, так і праз 5 магазінаў, якія належаць гаспадарцы. Для захоўвання садавіны і гародніны выкарыстоўваецца сховішча, якое можа змясціць 7100 тон прадукцыі. На яблыкі і ягады ёсць добры попыт.
Мы яшчэ даведаліся, што 3082 га выкарыстоўваюцца пад зернавыя культуры, 1700 – пад кукурузу, 900 – для вырошчвання рапсу, жымах і масла якога ідуць на корм жывёлы. У гэтым годзе атрыманы добры ураджай зернявых і зернебабовых культур – 83,4 ц/га. Далей мы слухалі аб многіх іншых паказчыках ураджайнасці іншых культур, выканання па іх дзяржзаказу, закладцы сіласу, сенажу, з якіх траў і пры якой вільготнасці яны закладваюцца на корм… З 8 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы 2 тысячы, калі не памыляюся дойнага статку. На пытанне аб класнасці малака быў адказ, што ад пачатку года 700 тон здадзена Экстра класам. Далей наша знаёмства працягвалася ўжо на аб’ектах гаспадаркі. З садам нас знаёміў аграном-садавод, таксама наш выпускнік, Генадзь Іванавіч Санько. Сховішча садавіны знаходзіцца на тэрыторыі сада, аб сакрэтах захоўвання яблык, нам расказаў Андрэй Віталевіч Крэмко – старэйшы з братоў. Калі зайшлі ў адно з памяшканняў сховішча здзівіліся таму водару, які ішоў ад халодных яблык…Трэба заўважыць, што ні са складу, ні з саду мы не паспрабавалі ніводнага яблыка. Дзяніс Крэмко нам расказаў, што ў гаспадарцы не можа мець месца нейкая нядбайнасць працоўных, крадзёж, псаванне тэхнікі. З гэтым тут абыходяцца надта сурова. Далей на палях глядзелі, як ідзе ўборка зялёнай масы кукурузы, як хутка камбайнам “Holmer” убіраюцца цукровыя буракі, а морква – маркоўна-бураковым камбайнам, які вырывае яе з зямлі, захопліваючы за лісце. Таму яна мае таварнасць 85-90 %. Пасевы морквы і ураджай яе ўразілі ўсіх. Паглядзелі і комплексную апрацоўку глебы. Мы яшчэ наведалі камбікормавы цэх. Наш вадзіцель заўважыў, што да Гродна паліва не хопіць. Але Дзяніс вырашыў гэтае пытанне вельмі хутка і некалькі літраў нам адпусцілі. Так што галоўны аграном СВК па ўсіх пытаннях аказаўся на вышыні, а наведвальнікі – задаволеныя паездкай…