Падобная шматгаліновая выстава-кірмаш адбываецца ў Гродна ў 12 раз з 29.09 па 1.10.2010. У самім адкрыцці яе ўдзельнічаць не давялося, былі якраз заняткі. Наколькі ведаю, наш універсітэт там прадстаўлялі і прарэктар па навуковай працы Сяргей Тарасенка і нашы пчаляры, прадукцыя якіх прадстаўлена на выставе, як адзін з бокоў практычнай дзейнасці універсітэта. Прайшоў дождж і я адправіўся на стадыён пешшу. Адразу ж накіраваўся чамусці ў бок, адваротны таму, дзе знаходзілася экспазіцыя ГДАУ.
Вельмі здзівіўся, калі пабачыў павільён са звычайнай соллю, якую выпускае Салігорскі калійны камбінат. Іншая тэхналогія, іншая якасць, але выкарыстоўваць у ежу можна. Экспазіцыя Гродзенскага прадпрыемства “Альтмайстар” мне падалася знаёмай. Зусім нядаўна, наведваючы з унучкай заапарк, звярнуў увагу на дабротныя хаткі для жывёлы з круглага бярвення і падумаў, што нехта будуе, як для “новых рускіх”. І сапраўды ў адной з клетак сядзеў рабочы і адпачываў. Доўга дапытвалася малая чаму ён там сядзіць, прышлося схлусіць, што не толькі малпаў трэба там паказваць, але і іх блізкіх сваякоў – людзей. Адна з маскоўскіх прадпрыймальніц прывезла на выставу, ды і на продаж вялікую колькасць Арэнбургскіх пуховых хустак. Бо калі ў мяне спытаў, без гадзіны доктар навук з Арэбургскага аграрнага універсітэту, Аляксей Глінушкін, ці прывезці з сабою гэтых хустак, я адказаў што ў нас яны не модныя. Дык усё роўна прывёз - амаль з дзесятак. Вырабы з каменю, як і ў мінулым годзе, прывёз таксама адзін з маскоўскіх майстроў. У іншага былі рускія матрошкі і іншыя вырабы з дрэва. А літоўскія дзяўчаты рэкламавалі свае курорты. Звычайна фірму “Біяком” на ўсіх выставах прадстаўляюць нашы выпускнікі, а на гэты раз – выпускніца ГДУ імя Я.Купалы. “Белтапаз” акрамя прамысловых вырабаў, прадставіў багаты асартымент інструментаў, неабходных для дачнікаў.
На экспазіцыі свайго універсітэту застаў супрацоўніка навуковага аддзелу Валянціна Пешко і студэнта, з якім пазнаёміліся падчас сумеснага лагера беларуска-нямецкай моладзі ў гэтым годзе, які быў арганізаваны ў нашым інтэрнаце, Міхаілам Семашка. З навінак быў прадстаўлены прабіятычны прэпарат “Білавет”, распрацаваны сумесна з Гродзенскім заводам медыцынскіх прэпаратаў, што знаходзіцца ў Скідалі. Сам завод быў прадстаўлены амаль насупраць экспазіцыі універсітэта. Прадстаўнікі “Брэстхлебапрома” пачаставалі сваім печывам, а дзяўчаты з таго ж Брэста налілі паспрабаваць яблычнага “Сідру”, як сухога, так і паўсалодкага. На наступнай экспазіцыі было прадстаўлена вельмі шмат мёду аж з самога Варонежу. Выказаў недавер да гатункаў яго з валерыяны, пустырніка ці эхінацэі. Але адказалі, што ў нейкім там запаведніку вывозяць пчол на плантацыі гэтых культур. Дзяўчынку з Лідскага мясакамбінату папракнуў, што бачу толькі вэнджаныя хвосцікі ды лычыкі, якія ніколі не рашаюся купіць, але калі разам добра пашукалі, дык знайшлі і вушкі. Пачаставаўся блінцамі з лідскай мукі, запіў кісялём, якога было выстаўлена шмат гатункаў. Калі ўжо вяртаўся з выставы нейкія хлопцы ішлі ззаду і гаварылі, што на кірмашы добра пад’елі на халяву. Аб якасці гродзенскай гарэлкі паразмаўляў з прадстаўніцай завода «Nemanoff”, якая запэўніла што і да разліву і пасля абавязкова правяраюць сваю прадукцыю на якасць. А да святкавання дажынкаў у Лідзе завод выпусціў гарэлку “Залаты каласок” з каласком пшаніцы ў пляшцы, невядома як апрацаваным, але падобным да альбіноса. А хлебакамбінат Гродзенскі прадставіў свае вельмі цікавыя тарты, нават у выглядзе альбомаў, кнігі для ганаровых наведвальнікаў. Тут жа і выстава Ваўкавыскага “Беллакту” з дыпломамі, атрыманымі за сваю прадукцыю. Але што тыя дыпломы, калі кожны і так добра ведае малочныя вырабы гэтага прадпрыемства і з задавальненнем набывае. Вярнуўся да свае экспазіцыі, дзе даведаўся, што хвілін дзесяць назад, на выставе пабываў і рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс.