Высокіх гасцей прымалі сумеснае польска-беларускае прадпрыемства ГАА “Квін-Фуд”, ГАА “Біяком” і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Разам з гасцямі пастаянна былі начальнік упраўлення ветэрынарнай службай вобласці Мікалай Ігнатавіч Кот, начальнік памежнага ветучастка Аляксандр Рыгоравіч Легун, наш выпускнік ветэрынарнага факультэта урач памежнага участка Віталь Сініцкі і намеснік дэкана ФВМ Андрэй Захарашчаў.
Ветурачы з памежных раёнаў Польшчы наведалі і азнаёміліся з вытворчасцю мясных кансерваў у ГАА “Квін-Фуд”, з робатамі малочна-таварнага комплексу СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, з працай ГАА “Біяком”, рэстаранаў “Вена”, “Стары Лямус”, Залаты цялёнак”, “Дон”, дзе маглі адведаць нашых гродзенскіх прысмакаў. Некалькі гадзін мы разам з імі пагулялі па гораду. Адзін з урачоў, які быў у Гродна 15 гадоў таму назад адзначыў, што горад непазнавальна змяніўся. Яны ўсе добра разумелі і размаўлялі па-руску. Амаль з гадзіну выбіралі, што ўзяць з сабой у якасці сувеніраў, прычым у першую чаргу накуплялі па некалькі плытаў з песнямі нашых і расійскіх выканаўцаў. Далей іх вельмі цікавілі беларускія цукеркі, халва, бальзам, гарэлка, рыбныя кансервы, якія маюць надзвычай не такі смак, як польскія. Госці накіраваліся з Андрэем Захарашчавым і Віталем Сініцкім ў інтэрнат, каб пакінуць сувеніры і адправіцца на вячэрнюю імпрэзу, а я да хаты. Пабачыліся з імі на наступны дзень, калі ў корпусе ветэрынарнай медыцыны адбывалася спатканне са студэнтамі 3 курса ФВМ, якіх Андрэй Чарняўскі пазнаёміў з працай ветэрынарнай службы Польшчы. Я зрабіў толькі некалькі фотаздымкаў, а сам накіраваўся праводзіць заняткі.