Адзначыць сваё свята сабраліся прадстаўнікі самых розных факультэтаў і службаў ГДАУ 18 лістапада. Актавая зала была запоўненая поўнасцю і студэнтамі і выкладчыкамі, прысутнічалі загадчыкі кафедр і лабаранты, беларускія студэнты і студэнты, якія навучаюцца ў нас з далёкага Таджыкістану.
Распачалася вечарына з выступу рэктара ўніверсітэта – Песціса Вітольда Казіміравіча, які адзначыў, што ў тых поспехаз, якіх дасягнулі гаспадаркі Беларусі ёсць немалая толіка працы і калектыву нашага ўніверсітэту. Ён таксама нагадаў, што на першавераснёўскай лінейцы прысутнічаў губернатар вобласці Сямён Барысавіч Шапіра, які аддаў перавагу ГДАУ перад іншымі ўніверсітэтамі Гродна. Вітольд Казіміравіч пажадаў усім поспехаў, выказаў надзею, што сярод прысутных студэнтаў сядзяць будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі, вучоныя, героі РБ. Ён парадаваў, што ўсе супрацоўнікі атрымаюць нейкія прэміі ў сувязі са святам і ад адміністрацыі, і ад кіраўніцтва вобласці, горада, аграпрама. Частка супрацоўнікаў была ўзнагароджана дыпломамі, граматамі тут жа на сцэне рэктарам універсітэта, які нагадаў, што ў канвертах ёсць і невялікая матэрыяльная падтрымка. Узнагароджаны былі не толькі вядучыя вучоныя, загадчыкі кафедр, але і іншыя катэгорыі супрацоўнікаў да каменданта інтэрнату і прыбіральшчыцы. Магу падцвердзіць, што і я быў здзіўлены памерам чарговага авансу, атрыманым на наступны дзень.
Нядаўна адбылося шоу першакурснікаў, на якім упершыню за многія гады я сам не прысутнічаў, бо былі якраз заняткі ў завочнікаў. І зараз, падчас канцэртнай праграмы, пазнаёміўся з лепшымі нумарамі, падрыхтаванымі першакурснікамі, паміж якімі адбыліся віншавальныя выступы выкладчыка Віктара Петрушкевіча (на добрай беларускай мове) і старшыні БРСМ Паўла Язубца, з якім мы разам спрабавалі зафатаграфаваць усё што адбывалася. Я рызыкнуў забрацца за кулісы, каб пафатаграфаваць удзельнікаў канцэрту зблізку. Таму зараз ёсць магчымась пабачыць Свята ў выглядзе фотасесіі.