Яшчэ напярэдадні я даведаўся, што 24 лістапада ў нашым ўніверсітэце адбудзецца сустрэча студэнтаў з губернатарам вобласці Сямёнам Барысавічам Шапірам. Як сказалі студэнты, на сустрэчы будуць прысутнічаць толькі старасты груп. І калі раней ў 6 зале вольна размяшчаліся студэнты самага вялікага ў свае часы факультэта – зоаінжынернага, набор якіх складаў 125 чалавек, то зараз, разам з прарэктарамі на сустрэчы аказалася столькі ж старастаў студэнцкіх груп.
Спярша Сямён Барысавіч колькі слоў расказаў пра сябе, параіў студэнтам, што неабавязкова імкнуцца размеркавацца ў лепшыя гаспадаркі. Як паказвае жыццё прабіваюцца вышэй якраз тыя, хто вывеў адсталыя гаспадаркі на ўзровень, а не тыя, хто трапіў адразу ў перадавыя. Нагадаў, што на 1 верасня яго прысутнасць на Дні ведаў у аграрным была знакам павагі да студэнтаў, якія вырашылі стаць спецыялістамі аграрнага сектару. Да таго ж, калі трапіў на працу ў СВК, то першае, што зрабіў, звярнуўся за маладымі спецыялістамі да Вітольда Казіміравіча Песціса. І колькі далей даводзілася сустракацца з кіраўнікамі гаспадарак, то звычайна лепшымі з лепшых кіруюць таксама выпускнікі ГДАУ.
Не думаў, што нашы студэнты без хвалявання нават будуць задаваць столькі пытанняў губернатару. Сямён Барысавіч неаднаразова падчас размовы падкрэсліваў, што ён ведае, хто для іх падрыхтаваў гэтыя пытанні – вядома ж рэктар. Я прыгадваю адну сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі, якія аб’явілі, што задарма атрымае ў падарунак кніжку той, хто задасць лепшае пытанне. Пытанняў было столькі, што хадзілі пасля чуткі, што гэта Таранда падрыхтаваў тыя пытанні і параздаваў студэнтам. На самай жа справе, нашы студэнты гэта ўжо добра сфарміраваныя асобы са сваімі паглядамі на жыццё.
Да губернатара звярталіся не толькі з пытаннямі, але і з просьбамі аб дапамозе. Патрэбна асфальтаваць падыходы да новага корпусу ІТФ, кагосьці больш цікавілі пад’езды да новага інтэрнату, які лічыцца ў нас пад нумарам 7, а кагосьці адсутнасць светлафору, які даваў бы бяспечны пераход праз вуліцу Церашковай. Перанос аддзялення ашчаднай касы на вуліцу Пушкіна таксама не застаўся без увагі студэнтаў, бо нязручна стала выконваць розныя выплаты. Былі пытанні і па транспартным пад’ездзе да ўніверсітэту, аб стаянках для аўтамабіляў. Вядома ж студэнты хацелі бы, каб на праезд у грамадскім транспарце былі, як і раней, палёгкі, а яшчэ лепш, каб і на катанні ў Лядовым палацы, якія каштуюць па 7 тысяч для студэнтаў. Павел Язубец, які арганізуе будаўнічыя атрады, што працуюць на алімпійскіх аб’ектах у Сочы, прасіў аказаць дапамогу на набыццё білетаў, а старшыня прафкама студэнтаў Сяргей Чухноў прасіў аказаць дапамогу гукаўзмацняльнай апаратурай. І гэтак далей… Размова працягвалася паўтары гадзіны. За гэты час Сямён Барысавіч даваў загады свайму намесніку Ігару Георгіевічу Жуку запісваць, што і калі разгледзець, якія рашэнні прыняць, а таксама тлумачыў што немагчыма зрабіць у сучасных умовах з патрабуемага студэнтамі. Здаецца першымі здаліся студэнты і пытанні закончыліся.
Па дарозе Сямён Барысавіч Шапіра затрымаўся каля стэндаў з дасягненнямі навукі ўніверсітэта, з часткай якіх сказаў, што добра знаёмы яшчэ з часоў працы міністрам сельскай гаспадаркі Беларусі. Пацікавіўся распрацоўкамі пчаляроў, прыліпальнікам, які выкарыстоўваецца пры апрацоўках раслін…Здзівіўся, што яны вельмі запатрабаваны вытворцамі. І пакуль ішлі да выхаду, абмяркоўвалі і іншыя праблемы ўкаранення, а, магчыма, фінансавання навуковых распрацовак. Фотарэпартаж спаткання прадстаўлены далей: