Упершыню мне самому давялося прысутнічаць на размеркаванні, бо калісьці не быў нават на ўласным. Вучыўся нядрэнна і мабыць мог бы выбраць для сябе месца як належыць, але такая задача тады перада мной не стаяла, бо пэўна ж Савецкая армія толькі і чакала, калі скончу інстытут. А тут якраз трэба было ехаць на студэнцкую навуковую канферэнцыю у Калінін (зараз вярнулася старая назва Твер). Дэкан аграфаку Мікалай Уладзіміравіч Путырскі сказаў: - “Едзь, адправім і так у тваю родную Брэсцкую вобласць”. Адгуляў я яшчэ з месяц канікулаў, каб не перашкаджаць аднакурснікам нармальна ўладкавацца і праз абласны аграпрам трапіў у далёка не лепшы калгас імя Чапаева Жабінкаўскага раёна. Але гэта тэма асобнай публікацыі.
У гэты дзень размяркоўваліся эканамісты і ветэрынары, якія працягвалі вучыцца пасля сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнты факультэта аховы раслін і аграномы. Чуў, што размеркаванне будзе працягвацца цэлы дзень, таму і прысутнічаў не ад пачатку. Застаў некалькі ахоўнікаў раслін, у тым ліку выпускніка, які мае грамадзянства Расіі і плануе пакінуць Беларусь. Вельмі хутка размяркоўваліся платнікі, кожны з якіх на пытанне ці патрэбна яму размеркаванне адказваў адмоўна. Пасля былі ветэрынары, у якіх я не выкладаю, але з якімі за гады, пакуль яны праходзілі розныя прадметы на нашай кафедры пасябравалі, заўсёды цікавіліся справамі адзін аднаго. Колькасць падрыхтаваных па двух формах навучання аграномаў была такой, што здавалася яны ніколі не скончацца. На размеркавалі прысутнічалі прадстаўнікі міністэрства, Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцей, першы прарэктар ГДАУ, дэканы ці іх намеснікі. Вядома ж папярэдняе размеркаванне было раней і многія студэнты на яго разлічвалі, але яны заходзілі ў залу ў адпаведнасці з тымі баламі, якія набралі за час вучобы і ў дадатак да вучэбных дадаваліся нейкія долі бала за іх добрыя справы ў грамадскай сферы: выступленні на канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, алімпіядах, мастацкай самадзейнасці і г.д. Таму часам былі неспадзеўкі, што папярэднія аднакурснікі ўжо забралі тое месца. Хуценька вяліся пошукі эквівалентнай замены яго. Часам знаходзіліся. Бывала, што студэнт ці студэнтка адмаўляліся ад пасады галоўнага агранома…На размеркаванні прысутнічалі старшыні гаспадарак, ці прадстаўнікі выканкамаў, якія самі падбіралі для сябе кадры. Старшыня СВК “Васілішкі” толькі ў маёй прысутнасці ўзяў для гаспадаркі аднаго ветурача і трох аграномаў. Яму бы іх ніхто і не даў, калі бы столькі спецыялістаў не значылася для гэтай гаспадаркі ў загадзя зацверджаным, думаю ў міністэрстве, лісце. Размеркаванне завяршылася, слёз на тварах студэнтаў я не заўважыў, а асобныя моманты такой адказнай імпрэзы глядзіце на фотаздымках.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда