Запрасіў мяне наведаць афіцыйнае адкрыццё Уладзімір Паўлавіч Верхась, дзякуючы якому і была падрыхтавана гэтая выстава. Нават дзіўна, што на ёй аказалася так шмат матэрыялаў. А з іншага боку і не дзіўна, бо Уладзімір Паўлавіч змог адзін аднавіць імёны больш, чым 11000 савецкіх памежнікаў, якія загінулі на беларуска-польскай мяжы на самым пачатку вайны. Яшчэ да адкарыцця выставы на ёй пабывалі тры групы студэнтаў універсітэта. А адкрылася выстава раней, чым 12 красавіка таму, што з сакавіком былі звязаны многія даты ў жыцці Юрыя Гагарына.
З вялікай прамовай выступіў прафесар Канстанцін Уладзіміравіч Каляда, які якраз прысутнічаў на касмадроме, калі адбываўся запуск Юрыя Гагарына, бо служыў там. І калі пачынаў служыць у 1960 годзе, дык гэта былі адзінкавыя запускі, а пад канец службы праз 3,5 гады была магчымасць і самому злятаць у космас. Пасля праверкі вестыбулярнага апарату, ён прайшоў, але адшукаліся наступствы запалення лёгкіх у дзяцінстве. І відаць сам ён не надта імкнуўся туды. Каля 60 беларускіх хлопцаў у вагоне цялятніку 7 сутак дабіраліся да месца службы на тэрыторыі пустыні Кара-Кум., якая мае вельмі жорсткія глебава-кліматычныя ўмовы. Вясной зацвітаюць цюльпаны, а затым усё поўнасцю перасыхае на ўвесь астатні год. Шмат чаго Уладзімір Канстанцінавіч бачыў, але і зараз не мае права расказваць аб усім. Ён служыў на абслугоўванні дызельных падстанцый і быў задзейнічаны на запусках усіх ракет. За 3 гады на спецмашыне па абслугоўванні ракет наездзіў 40000 тысяч км.
Сустрэча з Гагарынам адбылася толькі пасля яго вяртання на землю. Падрыхтоўка да палёту вялася за тры месяцы. Уражанні ад самой ракеты, якую бачыў яшчэ да старту, захаваліся да гэтага часу. Калі падумаць, то на запуск працавалі там тысячы чалавек. Але усе хаваліся перад стартам. У момант, калі запальвалі ракетныя падстанцыі атрымалася замыканне ў выглядзе вольтавай дугі. Але, дзякуючы дзеянням электрыкаў запуск ракеты быў хутка пераключаны на дызельны ток. Калі прыехалі на падстанцыю і пачалі працу над непаладкамі, пачулі голас Левітана, які паведамляў, што Гагарын паляцеў у космас. Шмат хто быў за гэта ўзнагароджаны спецыяльнымі медалямі, атрымаў падзяку і Уладзімір Каляда, які служыў тады яшчэ не надта доўга.
Маглі і самі прысутнічаць на старце. На Венеру, і на Месяц адпраўлялі ракеты.... Хараніў сваіх хлопцаў, калі аднойчы яшчэ да запуску ракета ўзарвалася і загінула 126 чалавек... Толькі на 5 хвілін тады і ён спазніўся да тае ракеты і застаўся ў жывых...Сустракаліся і з Гагарыным і з Цітовым, прыходзілася размаўляць з імі. Касманаўты пыталіся ва Уладзіміра ці бачыў ён запуск, а той сказаў Цітову, што не толькі бачыў, але і ведае, як яго будзілі. Бо касманаўт страціў прытомнасць пасля таго, як трапіў пад радыяцыю. З Сяргеем Паўлавічам Каралёвым гулялі ў валейбол па жвіры. Над галавой даводзілася ўзрываць ядзерныя ракеты. Пад канец службы прыхварэў, але бачыў яшчэ, як паляцела ў космас Валянціна Церашкова і ведае, як цяжка яна пераносіла той палёт. Тут жа ўсе прыгадалі, што і маці і бацька ў яе былі этнічнымі беларусамі. Уражанняў засталося больш, чым дастаткова. Нават калі ўжо вучыўся ў інстытуце, то бывала, што выклікалі і самалётам дастаўлялі на Байканур і назад.
Самая памятная для Уладзіміра Верхася сустрэча з Юрыем Гагарыным адбылася ў Камсамольску на Амуры, які будавала моладзь з усяго Саюза. У сувязі з 35 угодкамі горада ў 1967 годзе былі запрошаны госці з розных савецкіх рэспублік. У складзе беларускай дэлегацыі з 10 чалавек быў і Уладзімір Паўлавіч Верхась. Гагарын выступаў перад удзельнікамі злёту маладых перадавікоў, пасля чаго Юрыю Аляксеевічу падалі цыдулку з просьбай сфатаграфавацца разам. Той здымак таксама знаходзіцца ў сталай экспазіцыі нашага музея. З першым беларускім касманаўтам Пятром Клімуком сустракаліся ў Скідалі, тады Уладзімір Паўлавіч падараваў яму кнігу пра Скідальскае падполле ў часы вайны. Ёсць каля 40 розных фотаздымкаў з беларускімі касманаўтамі Пятром Клімуком і Ўладзімірам Кавалёнкам. Частку фотаздымкаў перадаў для музея былы выпускнік універсітэта, а зараз старшыня СВК “Астрамечава” Аляксей Сцяпанавіч Скакун.
Уладзімір Паўлавіч расказвае далей аб статыстыцы – нашых касманаўтаў у космасе было 108, амерыканскіх 335, адпаведна жанчын – 3 і 45. І зусім няправільна, на яго думку, што ў 1968 годзе атрад жанчын-касманаўтаў распусцілі. Уладзімір Паўлавіч выказаў сваё захапленне Святланай Савіцкай, якая да 17 гадоў здзейсніла 500 скачкоў з парашутам, скакала з вышыні 20 км, раскрываючы парашут на вышыні 300 м. Мае 3 сусветных рэкорды ў групавых скачках з парашутам са стратасферы і 15 на рэактыўных самалётах. Ніхто аб гэтым нічога не гаварыў, але няма ніякага сумневу, што Святлана Савіцкая мае беларускія карані.
Не маглі пад час выставы не закрануць і пытанні, звязаныя з гібеллю Юрыя Гагарына. На выставе сабраны розныя матэрыялы пра магчымыя прычыны трагедыі, якія былі прааналізаваны Уладзімірам Паўлавічам і даведзены да прысутных. Выступіў і Жураўкоў Міхаіл Аляксандравіч, які служыў таксама на Байкануры, а зараз з’яўляецца старшынёй абласнога саюза афіцэраў. Мне падалося, што гэта вельмі начытаны, эрудыяваны чалавек, які добра ведае гісторыю: вынаходніка шматступеннай ракеты Казіміра Семяновіча, вынаходніка электраграфіі і бесправадной перадачы электрычных сігналаў Якуба Наркевіча-Ёдку, стваральніка рэактыўных знішчальнікаў Паўла Сухога … Міхаіл Аляксандравіч нагадаў, што пасля таго, як Гагарын сказаў сваё знакамітае “ПАЕХАЛІ”, наступнымі былі словы “КОЗБЕРГ СРАБОТАЛ”. Сямён Козберг на касмадроме “Байканур” меў пасведчанне № 2 (№ 1 – быў у Каралёва). Ён нарадзіўся ў Слуцку і стаў галоўным канструктарам вадкаснага рэактыўнага рухавіка з дзесяцікратным рэгуляваннем цягі, дзякуючы якому і стаў магчымым палёт Юрыя Гагарына.
На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі Гродзенскага райвыканкама, гісторыка-археалагічнага музея і музея ГрДУ імя Я.Купалы, старэйшыя выкладчыкі ГДАУ. Далей некалькі фотаздымкаў:
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда