18 мая, актавая зала галоўнага корпуса, 14 гадзін. Сабраліся выкладчыкі, студэнты і госці факультэта. Вядучая ўрачыстасці Ірына Пятроўна Таранка ўводзіць у курс, што з 1 верасня 2001 года ў ГДАУ пачалося навучанне студэнтаў па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына”, а ў лістападзе 2002 года быў адчынены факультэт ветэрынарнай медыцыны як самастойнае структурнае звяно. На сёняшні дзень на факультэце вучацца 413 студэнтаў, а заняткі вядуць больш за 50 выкладчыкаў. На факультэце працуе 5 кафедраў.
Адкрыў урачыстую імпрэзу рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс, які распавёў аб тым, як планавалася адкрыццё факультэта яшчэ ў часы, калі губернатарам быў Аляксандр Дубко, як абмяркоўвалася такая магчымасць з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка, які наведаў універсітэт у 1999 годзе і паабяцаў адкрыццё ветэрынарнага і інжынерна-тэхналагічнага факультэтаў. Вітольд Казіміравіч павіншаваў усіх прысутных з 10 угодкамі факультэта, а таксама ўзнагародзіў асобных выкладчыкаў юбілейнымі граматамі.
Міхаіл Аркадзевіч Каўрус – дэкан факультэта - больш падрабязна распавёў аб адкрыцці ФВМ, зрабіўшы невялікі экскурс у далёкую гісторыю часоў Антонія Тызенгаўза, пры якім у Гродна была адкрыта медыцынская акадэмія і якая нібыта паспела выпусціць за час свайго існавання 7 ветэрынарных урачоў… З яго прамовы было відаць, як шмат намаганняў было прыкладзена для таго, каб факультэт рыхтаваў спецыялістаў , не адпраўляючы іх куды давучвацца на апошніх курсах. А яскравым прыкладам высокага ўзроўню падрыхтоўкі служыць тое, што нашы студэнты на алімпіядах студэнтаў ветэрынарнай медыцыны краін СНД у Віцебску і ў Белай Царкве (Україна) з 13 і 18 каманд абодва разы атрымалі Дыпломы за 3 месца. Нашы спецыялісты запатрабаваны гаспадаркамі і сістэмай аграпрамысловага комплексу, уключаючы мясакамбінаты, ветлабараторыі, мытню… Адразу ж пасля выступлення дэкана з музыкальным віншаваннем на сцэну выйшаў Сяргей Краўцэвіч, які закончыў ФВМ у мінулым годзе.
Па чарзе на сцэну запрашаюцца прафесар, доктар ветэрынарных навук, загадчык кафедры анатоміі сельскагаспадарчай жывёлы Віктар Віктаравіч Малашка і прафесар, таксама доктар ветэрынарных навук Аляксандр Уладзіміравіч Глаз. Аляксандр Уладзіміравіч, можна сказаць галоўны ветэрынарны акушэр нашай вобласці, які загадвае адпаведнай кафедрай акушэрства. Яго бацька калісьці вучыўся на ветэрынарнага ўрача ў Варшаве, а сын таксама закончыў наш ФВМ і працуе на кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі. Зноў на сцэне музыкальныя нумары, падрыхтаваныя студэнтамі факультэта. Вядучая прыгадвае імёны ветэранаў факультэта, якія былі пакліканыя на імпрэзу. Ім былі ўручаны кветкі і невялікія сувеніры. Найбольш актыўных студэнтаў, якія прадстаўляюць свой факультэт на фестывалях, навуковых канферэнцыях, спартыўных мерапрыемствах дэканат узнагародзіў ганаровымі граматамі, а Міхаіл Аркадзевіч уручыў іх адрасатам. Зноў на сцэне віншаванне ад каманды КВЗ (КВН) факультэта “В разВЕТку”.
Адзін за другім на сцэну выходзяць з віншаваннямі Валерый Абухоўскі, які зусім нядаўна яшчэ быў намеснікам дэкана факультэта, а зараз кансультант фірмы “Консул”, галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Гродзенскі” Тадэуш Жук, Генеральны дырэктар Гродзенскага аблплемжываб’яднання Пётр Каштэлян, прэзідэнт рады паўночна-усходняй ізбы лякарска-ветэрынарнай Андрэй Чарняўскі, удзельнік навуковай канферэнцыі з Турцыі Рамазан Маммедаў і іншыя. Тут жа была зачытана і віншавальная тэлеграма ад імя калектыву ВДАВМ, падпісаная рэктарам і дэканам факультэта ветэрынарнай медыцыны. Урачыстая частка свята на гэтым завершана. У дапаўненне некалькі ілюстрацый:
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда