У свой час ў 1977 годзе ГСГІ адзначаў свае 20 угодкі. Я быў сталым удзельнікам мастацкай самадзейнасці. У нашай праграме былі танцы народаў Савецкага Саюза, якія ставіла Надзея Мікалаеўна Валедава, муж якой выкладаў нешта эканамічнае, мо нават вылічальную тэхніку. Вядома ж мы былі задзейнічаны тады ў святочнай канцэртнай праграме, але чамусьці памяць гэтага зусім не захавала.
Працяг юбілейных урачыстасцяў будзе восенню, калі 60-я ўгодкі дзейнасці адзначыць біятэхналагічны факультэт, які раней зваўся зааінжынерным. І сапраўды, юбілей маглі заўважыць толькі тыя студэнты, якія і зараз былі задзейнічаны ў канцэртных праграмах і якія добра прадстаўлены мной на сайце ГДАУ за травень, а таксама ў альбомах змешчаных тут жа.
Пакуль я збіраў матэрыялы аб святочных мерапрыемствах і пераходзіў з корпуса ў корпус, паўсюдна сустракаў студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, якія былі занятыя вучобай, здачай залікаў, кандыдатскіх мінімумаў, адпрацоўкай прапушчаных заняткаў, нейкімі працоўнымі заданнямі… і г.д. Калі студэнты давалі згоду, я, як сталы ўжо папарацы, фатаграфаваў. Калі хто сумняваўся ці фатаграфавацца, тады прыводзіў прыклад - на ветэрынарным факультэце ішлі заняткі па заалогіі ў першакурснікаў біятэхналагічнага факультэта з групы, у якой пераважалі студэнты з Туркменістану. Я іх сфатаграфаваў і той фотаздымак трапіў у юбілейны альбом універсітэта. Па загаду рэктара ГДАУ мне давялося ўзначаліць групу гісторыкаў, якія пісалі нешта наконт юбілейнай манаграфіі. Я ж сам не пісаў, а дапамагаў кожнаму з іх набыць неабходныя матэрыялы і, асабліва, ілюстрацыі, з якіх 2/3, мабыць, былі зроблены мной за апошнія гады. Так сталася, што ў альбоме аб гэтым няма аніякай нават згадкі.
Далей хачу прадставіць колькі фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць моманты студэнцкага жыцця за апошнія месяц ці два. Але хіба далёка не ўсе…
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда