Інжынерна-тэхналагічны факультэт у ГДАУ адпрацаваў ужо 6 гадоў. Першы выпуск адбыўся ў 2010 годзе, але толькі па спецыялізацыях “малако” і “збожжа” . На самай справе назвы спецыялізацый я свядома скараціў, гучаць яны крыху інакш. У гэтым годзе выпускаліся таксама спецыялісты тэхнолагі “мясных прадуктаў” і “кандытарскіх”.
Тэхнічную мікрабіялогію я вёў толькі ў спецыялістаў па перапрацоўцы і захоўванні раслінных прадуктаў. А вось дыпломнікі мне патрапіліся з мяса ды каўбасаў. Яны раней належалі выкладчыку, які перайшоў працаваць у свой універсітэт імя Я.Купалы. Трэба было адмовіцца, але ж неяк не змог. Ды і гадзіны за выкананне дыпломных прац не пайшлі мне ні ў якую нагрузку. Адзіная радасць у тым, што дзяўчаты аказаліся вельмі стараннымі і, нарэшце, абараніліся на дзве 10 і адну 9. Дзве з іх даўно гадуюць сваіх маленькіх дзіцянятак – хлопчыка і дзяўчынку. Як сёння даведаўся, дык дзеці ў студэнтак выпускніц гэтага факультэта ёсць амаль ці не ў кожнай. Здавалася, што ўсё ведаю пра падзеі ў сваім універсітэце. Прыходзілася мець справу з фотаздымкамі Міс універсітэта за апошнія гадоў пяць, але ж вельмі здзівіўся, калі Ірына Пятроўна з выхаваўчага аддзелу сказала сёння, што мая дыпломніца Вольга Максімовіч была гэтай самай Міс гады са два назад. Прыглядзеўся і падумаў - заслужана.
Пакуль, там наверсе, падпісвалі дыпломы, пахадзіў па радах і пафатаграфаваў радасныя твары маладых інжынераў-тэхнолагаў, з многімі з якіх знаходзімся ў сяброўскіх адносінах на розных інтэрнэт сайтах. Я думаю, дзякуючы мне, у іх ёсць фотаздымкі з заняткаў, навуковых канферэнцый, грамадскай дзейнасці, мастацкай самадзейнасці і т.п. Дзякуючы маёй прысутнасці ў інтэрнэце, студэнты могуць пракансультавацца па розных прафесійных пытаннях. Асабліва шмат такіх паступае ад нашых выпускнікоў, якія працуюць ветэрынарнымі ўрачамі. Калі не ведаю чаго сам, кансультуюся са спецыялістамі і адпісваю парады. Нават бываюць выпадкі, што студэнты і магістранты з Пецярбургу ды Варонежу часам задаюць пытанні з вобласці мікрабіялогіі.
Падчас уручэння дыпломаў галоўнай дзеючай асобай на сцэне быў рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс. Ён і сказаў прамову, і ўручыў граматы і дыпломы. Ды і дэкан факультэта Таіса Паўлаўна Троцкая не прамінула адзначыць, што выпускны курс быў вельмі моцным, мае 8 выдатнікаў, 3 чалавекі яшчэ атрымалі накіраванне ў магістратуру. Выступілі намеснік дэкана Юрый Лукашэнка, загадчыкі кафедраў Генрых Жолік, Аляксандр Міхалюк, Зінаіда Апановіч, якая падзякавала студэнтаў факультэта за тое, што атрымалі перамогу ў Міжнароднай алімпіядзе па хіміі. Прагучаў Гімн, а пасля на сцэну падняўся студэнт Аляксандр Генселевіч, пра якога забылі, з падзякай і кафедрам і дэканату, і студэнты вынеслі свае падарункі для факультэта. І на сцэне і ў фае ўніверсітэта выпускнікі невялікімі групамі фатаграфаваліся з рэктарам. Было фатаграфаванне і на плошчы перад галоўным корпусам. Частку са здымкаў былыя студэнты збіраюцца ўключыць у выпускны альбом. Пагаварылі мы і Міколам Булацкім, які прасіўся да мяне ў дыпломнікі, а я толькі паабяцаў, што вазьму толькі тады, калі ён нікога іншага ў навуковыя кіраўнікі не знойдзе. Зараз, калі ўжо ведаю, што змог бы давесці яго да абароны, шкадую, што так здарылася. Далей – фотарэпартаж з уручэння дыпломаў. Мой фотаапарат перагрэўся, мабыць, і адмаўляўся здымаць тады, калі трэба было.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда