Магчыма задацца пытаннем - як паміж сабою звязаны Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт? Вельмі цесна. У гады росквіту Інстытута біяхіміі АН БССР наш універсітэт, а тады ягчэ інстытут, быў галоўным, адкуль на вучобу ў аспірантуру, а пасля і на працу ішлі выпускнікі агранамічнага і зоаінжынернага факультэтаў. Праводзілі вопыты, абаранялі кандыдацкія, а таксама і доктарскія працы. Некалькі вучоных аграрнага ўніверсітэта праводзілі ды і працягваюць праводзіць сумесныя даследванні з вучонымі Інстытута біяхімі. Ды і зараз нашы выпускнікі працягваюць уладкоўвацца туды пасля завяршэння вучобы.
Акрамя шматлікіх кандыдатаў навук, зараз у аграрным універсітэце працуюць 3 дактары навук, якія прыйшлі на працу ў ГДАУ з Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі. Будучы навукоўцам сам прысутнічаў на розных біяхімічных канферэнцыях, сімпозіумах, з’ездах.
Упершыню ў Гродна праводзіцца біяхімічны кангрэс, на якім прадстаўлены не толькі вучоныя Беларусі, але і Расіі, Украіны, Літвы, Ізраіля, Турцыі, Харватыі. На кангрэсе выступіць і генеральны сакратар FEBS. З Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта свае матэрыялы на кангрэс прадставілі ў асноўным хімікі – Аляксандр Макарчыкаў, Валеры Кубышын, Таццяна Кудырка, Леў Заводнік.
Вітала гасцей першага біяхімічнага кангрэсу дырэктар Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Лілія Надольнік. Прычым гаварыла чыста па-беларуску і нават эпіграфам кангрэсу былі абраныя словы з вершу Максіма Багдановіча "Слуцкія ткачыхі". Працягваў вітаць гасцей кангрэсу Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Сукала. Ён прыгадаў, што медыцынская навука ў Беларусі пачынаецца з Гародні, з медычнай акадэміі Жылібера, адзначыў вялікую ролю ў развіцці біяхіміі Юрыя Міхайлавіча Астроўскага. З прывітальным словам выступілі яшчэ рэктар ГрДзМУ Віктар Сняжыцкі і акадэмік-сакратар аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі.
Пленарнае паседжанне пачалося з выступу акадэміка Сяргея Усанава, які працуе ў Інстытуце біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. Сяргей Аляксандравіч вельмі наглядна раскрыў тэму малекулярных асноў стэроідагенезу. За трыбунай яго змяняе вучоны з Адэскага нацыянальнага ўніверсітэту імя І.І.Мечнікава Сяргей Пятроў, які не першы раз удзельнічае ў навуковых імпрэзах, якія праводзяцца ў Гродна. Трэцім быў заслуханы даклад Аляксандра Чыркіна з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П.М.Машэрава і апошнім да перапынку слова меў Уладзімір Камышнікаў, які расказаў пра накірункі развіцця медыцынскай біяхіміі, як асновы клінічнай лабараторнай дыягностыкі.
Падчас перапынку госці канферэнцыі зрабілі агульны фотаздымак на ганку будынку інстытута, а акадэмікі з кіраўніцтваў Інстытута біяхіміі сфатаграфаваліся каля мемарыяльнай шыльды Ю.М.Астроўскаму. Праграма кангрэсу даволі цікавая, але паколькі я не з’яўляўся ўдзельнікам яго, то на гэтым этапе пакінуў кангрэс "Сучасныя праблемы біяхіміі". Кангрэс біяхімікаў ў Гродна першы, але плануецца, што не апошні.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2874-5-i-6-lipenya-2016-goda-grodna-prakhodzi-pershy-biyakhimichny-belaruski-kangres-suchasnyya-prablemy-biyakhimii#sigProIdb5d5b65f4d