У склад камісіі для прыёмкі вопытаў, якая разлічана на 30 чэрвеня і 1 ліпеня, уваходзілі Мікалай Гаўрычэнка (старшыня) з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Аляксандр Бялко – з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Зінаіда Жаўняровіч – загадчык аддзела навукі галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міісістэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ, Уладзімір Сінельнікаў і Аляксандр Шупілаў – з Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэту і Аляксандр Рыбак – з Гродзенскага занальнага інстытуту раслінаводства НАН Беларусі.
У першы дзень адбылася сустрэча ўдзельнікаў дзяржаўнай камісіі з Вітольдам Песцісам – рэктарам ГДАУ, а пасля невялікай планёркі ў канферэнцзале камісія накіравалася ў бок вопытнага поля. Па дарозе заехалі на калекцыйна-селекцыйны участак, дзе выводзяцца новыя гатункі збожжавых культур і асабліва азімай пшаніцы. Аб той працы, якая вядзецца на ўчастку прафесарам Канстанцінам Калядой разам са студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, расказаў ён сам. Наведвальнікі пазнаёміліся з новымі перспектыўнымі сартамі азімай пшаніцы, якія яшчэ не маюць назвы, а толькі нумары, з сортам ячменю, які ў хуткім часе ўжо можна будзе ўбіраць, з азімым трыцікале “Жыцень”.
На вопытным полі Павел Шэшка, пладавод па прафесіі, а зараз яшчэ і загадчык поля, расказаў пра культуры, якія вырошчваюцца ў эксперыментальным саду ўніверсітэта. З дэманстацыйнымі вопытамі, на якіх даследуюцца прэпараты аховы раслін і ўгнаенні розных фірм, удзельнікаў камісіі знаёмілі выкладчыкі ўніверсітэта. Вопытнае поле размешчана на самых розных глебах па ўрадлівасці, але такія ж глебы сустракаюцца на тэрыторыі нашай вобласці, і таму даследаванні, якія на ім праводзяцца, вельмі карысныя для практыкаў.
На гэты раз членам камісіі быў прадэманстраваны ў дзеянні квадракоптэр, які можа ўзлятаць на некалькі кіламетраў ўверх, але можа і апускацца на вышыню 20 см ад паверхні зямлі. З дапамогай яго можна даследаваць як стан пасеваў,ступень захворванняў раслін, так і шмат чаго іншага.
У гэты дзень адбылося знаёмства яшчэ і з навукова даследчай лабараторыяй і лабараторыяй “ДНК-тэхналогій”. Абедзьве яны маюць акрэдытацыю і праводзяць даследаванні для розных арганізацый на тэрыторыі вобласці. Наведалі і яшчэ адзін цікавы аб’ект – цэнтр рэпрадукцыі жывёлы, які супрацоўнічае з двумя гаспадаркамі Беларусі, дзе атрымоўваюць высокапрадуктыўную жывёлу прабіркавым метадам. Леанід Галубец якраз знаходзіцца ў Расіі, дзе дзеліцца сваім каштоўным вопытам з калегамі суседняй краіны.
У цэнтры навуковага пчалярства Мікалай Халько рассказаў, якія вялікія грошы наша краіна губляе з-за недахопу пчоласем’яў, якіх павінна быць у 5-6 разоў больш, чым ёсць. Наведваннем хаткі для апітэрапіі першы дзень працы камісіі завяршыўся.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2870-pershy-dzen-pryjomki-navukovykh-vopyta-supratso-nika-gdau#sigProId868489257f