Апошнія гады ў Гродне праводзіцца конкурс навуковых прац сярод вучняў пачатковых класаў. Кіруюць ім звычайна выкладчыкі школ і гімназій, але дапамагаюць у працы і афармленні бацькі. Вось у такой працы ўгаварыла паўдзельнічаць і мяне, як дзядулі, класны кіраўнік маёй унучкі Галіна Баляславаўна Цыдзік.
Пачалі праводзіць вопыты разам з унучкай Эвелінай, калі яна вучылася ў першым класе. Даследаванні ўплыву мыючых і дэзсродкаў зацікавілі яе аднакласнікаў, праца праходзіла даволі цікава. Кожны старанна апрацоўваў рукі, высушваў іх, пасля чаго рабіліся пасевы на пажыўныя асяроддзі метадам адбіткаў кончыкаў пальцаў. Аказалася, што вынікі даследаванняў былі нечаканымі. Ніякі мыючы сродак не мог выдаліць са скуры рук усе мікраарганізмы. Іх агульная колькасць змяншалася крыху больш чым на 30%. Але кішэчныя палачкі змываліся цалкам.
У даследаваннях прынялі ўдзел і студэнты 2-га курса агранамічнага і 3-га курса інжынерна-тэхналагічнага факультэтаў, у якіх гэтая тэма якраз разглядалася на практычных занятках. Нягледзячы на свой узрост, Эвеліна ўмее вельмі хутка наладжваць кантакты са студэнтамі. Яна і раней бывала на занятках па мікрабіялогіі. А чаму ж не пацікавіцца мікробамі пад мікраскопам, калі дзед выкладае прадмет, у якім якраз іх і вывучаюць.
Як і патрабуецца для такой працы, было праведзена анкетаванне аднакласнікаў, якія вучацца ў 2-ім класе СШ № 5 г.Гродна, і студэнтаў нашага ўніверсітэта, якое паказала, што студэнты менш увагі ўдзяляюць чысціні сваіх рук, чым школьнікі, якія выконваюць усе парады сваіх настаўнікаў.
Конкурс у гэтым годзе праходзіў у школе № 36 з польскай мовай навучання, дзе разглядаліся працы школьнікаў і гімназістаў 1-4 класаў. Дзейнічалі адначасова тры секцыі, кожная з якіх мела сваю суворую камісію. Тое, што праца Эвеліны Наюліс была адзначана дыпломам I ступені, было нават крыху нечаканым. Пэўна, што яна добра прадставіла сваю працу і адказала на шматлікія пытанні членаў камісіі. Зараз унучка ўжо думае над тэмай свайго ўдзелу ў конкурсе ў наступным годзе.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2778-19-maya-grodna-adby-sya-garadski-konkurs-navukovykh-prats-vuchnya-pachatkovykh-klasa#sigProId1e904f9f66