На вялікі жаль, на самой IX Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі ў гэтым годзе не змог прысутнічаць. 5 мая трэба было адправіцца ў поле на закладку палявых вопытаў. Але з гасцямі канферэнцыі, якія прыехалі здалёку, мы пабачыліся і пазнаёміліся падчас іх вандроўкі па Гародні. Гэта былі ўжо сталы знаёмы з Санкт-Пецярбургу прафесар Пётр Васіллевіч Герасіменка і прафесар з Пензенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Алег Мікалаевіч Бодзін са сваёй жонкай Таццянай.
Знаёмства з горадам пачыналася ад Каложы, аднае з тых 4-х Гарадзенскіх цэркваў, якія былі пабудаваны ў XII стагоддзі. Тут жа побач і камень-помнік, пастаўлены ў гонар Давыда Гарадзенскага, які загінуў падчас аднаго з паходаў у нямеччыну ў 1326 годзе. Не прамінулі і невялікі помнік, усталяваны ў гонар нашай парамогі ў 1410 годзе над крыжаносцамі пад Грунвальдам.
А далей па дарозе, якая пралягае па правым беразе Нёману, дайшлі да Старога і Новага Замкаў. Першым аб’ектам, з якім пазнаёміліся, была Вялікая харальная сінагога, пабудаваная ў XVI стагоддзі, зала якой была на той час ці не самай вялікай у Еўропе. Барыс Квяткоўскі, гаспадар сінагогі, распавёў пра гісторыю з’яўлення ў Гродна яўрэяў, якіх запрасіў Вітаўт, пра рэстаўрацыю сінагогі і асноўныя святы, якія адзначаюцца тут мясцовай яўрэйскай супольнасцю.
Каля пажарнай вежы прыпыніліся і паслухалі гранне гарніста, які штодня падымаецца на вежу а 12-й гадзіне. Пасля зайшлі да Фарнага касцёлу, наведалі музей-аптэку, і па былой Купецкай вуліцы, а затым па вуліцы Васільна трапілі ў раён Гарадніцы, які забудоўваўся ў XVIII стагоддзі. Вандроўка па старой частцы Гародні завяршылася толькі праз 4 гадзіны. І гэта пры тым, што нашы госці Алег і Таццяна Бодзіны з Пензы гулялі па горадзе напярэдадні вечарам і самастойна пазнаёміліся з архітэктурай вуліцы Савецкай, а Пётр Васіллевіч прыязджае на нашы канферэнцыі ўжо ці не ў чацвёрты раз.
Наколькі я зразумеў, у будучым розныя навуковыя кантакты паміж нашым універсітэтам і ўніверсітэтамі г. Пензы, будуць развівацца, тым больш, што ад Гродна да Пензы паўтары тысячы кіламетраў.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2762-vandro-ka-pa-grodna-z-gastsyami-kanferentsyi-perspektyvy-razvitstsya-vyshejshaj-shkoly#sigProId4188b65eed