У 7 гадзін раніцы 5 траўня разбудзіў тэлефонны званок. Тэлефанаваў Аляксандр Аляксандравіч Аутка, доктар сельскагаспадарчых навук, загадчык навукова-даследчай лабараторыі цяплічнага гародніцтва Беларускага дзяржаўнага аграрна тэхнічнага ўніверсітэта. Неяк папярэдне мы дамаўляліся, што мікрабіялагічнай часткай даследаванняў буду займацца я. Настаў час, калі трэба было пазнаёміцца са схемай праводзімых вопытаў.
Аказваецца, супрацоўнікі кафедры механізацыі Салей Васіль Мікалаевіч, Філіпаў Аляксандр Іванавіч, вадзіцель Габрыяновіч Віктар Фёдаравіч ужо не першы год удзельнічаюць у вопытах, якія праводзіць Аляксандр Аляксандравіч Аутка на тэрыторыі прыватнай гаспадаркі “Гарызонт” Гендрыха Мысліўца, што ў Мастоўскім раёне. Пакуль ехалі па дарозе, даведаўся, што гэты навуковы калектыў удзельнічаў у правядзенні даследаванняў нават у Маларыцкім раёне, на палетках якога вырошчваюцца кавуны.
Галоўная задача, якую ставіць перад даследчыкамі прафесар Аляксандр Аутка – укараненне ў гародніцтве арганічнага земляробства. Для гэтага яму стала прыходзіцца ўдасканальваць існуючыя сельскагаспадарчыя машыны, каб можна было змагацца з пустазеллем без выкарыстання гербіцыдаў. На палях прыватнай гаспадаркі ён праводзіць даследаванні з параўнаннем заходняй і ўласнай тэхналогій вырошчвання морквы. Пры высеве морквы адначасова ўносіць розныя дозы біялагічна актыўнага ўгнаення, дзеянне якога на змены ў мікрафлоры глебы нам таксама трэба будзе праверыць.
Ніхто ў гэты дзень не заставаўся без працы, нешта рэзалі, камплектавалі, ствараючы зусім новы для нашых умоў агратэхнічны агрэгат з выкарыстаннем палімерных матэрыялаў. Калектыў працаўнікоў прыватнай гаспадаркі, наколькі я заўважыў вельмі зладжаны, кожны гатовы прыйсці на дапамогу даследчыкам.
У сталоўцы гаспадаркі харчуюцца бясплатна больш за 50 працаўнікоў, а ў час уборкі бывае што і 80. Паколькі мы былі занятыя працай з ранку і да позняга вечара, нас двойчы пакармілі. Не зусім у гэты дзень вузлы новага агрэгата добра падыходзілі і камплектаваліся, работа ўсё роўна была не завершанай. Але на месцы заставаўся Аляксандр Аляксандравіч, каб на наступны дзень завяршыць працу над стварэннем новага агрэгату для апрацоўкі глебы ад пустазелля на бульбе. Наступалі падоўжаныя выхадныя, але ж яны зусім не для тых, хто зараз працуе на будучы ўраджай.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2760-adzin-dzen-z-pravyadzennya-navukovaj-pratsy-na-paletkakh-pryvatnaj-gaspadarki#sigProIdfaf07fd6cd