23 і 24 красавіка на тэрыторыі Беларусі ў шмат якіх гарадах праводзіўся фэст экскурсаводаў, які стаў ужо традыцыяй. На першы дзень неяк не выбраўся, а на наступны паспеў пабываць на 4-х экскурсіях, якія праводзілі даўно знаёмыя мне даследчыкі гісторыі горада Гродна.
Першая экскурсія, якая аказалася вельмі займальнай, гэта экскурсія ў музей праса. Чуў і раней пра ягонае адкрыццё, але дакладна не ведаў, як туды патрапіць. На гэты раз з боку Маладзёжнага цэнтру на вуліцы Савецкай заўважыў надпіс на вокнах другога паверху – МУЗЕЙ, а ўваход знаходзіўся са двара гэтага будынку. Уяўляў, што першыя прасы былі на вуглях, але аказалася ўсё не так, а значна цікавей. Таму раю куратарам студэнцкіх груп арганізавана наведаць са сваімі выхаванцамі гэты прыватны музей, якім можа ганарыцца наш горад.
Па вуліцы Ажэшкі экскурсію праводзіла Святлана Словік. Шмат чаго новага давялося пачуць пра часы Тызенгаўза і пра забудову ім раёну Гарадніцы ў другой палове XVIII стагоддзя, пра Медыцынскую акадэмію і дзейнасць Жылібера. А скульптура на лаўцы ў даліне Гараднічанкі належыць не Джузэпу Сака, як я да гэтага думаў, а самому Антонію Тызенгаўзу. Святлана цікава расказвала пра Элізу Ажэшку, якая была родам з вёскі Мількаўшчына, што недалёка ад Скідалю. На працягу ўсяго свайго жыцця яна пісала творы пра мясцовых жыхароў Гарадзеншчыны, двойчы вылучалася на Нобелеўскую прэмію. Яе з поўным правам мы можам лічыць не польскай, а польска-беларускай пісьменніцай. Не магла яна тады пісаць па-беларуску, бо мова наша была забаронена расійскім самаўладдзем.
Наступная экскурсія, якую праводзіў Андрэй Вашкевіч, пачыналася ад каталіцкіх могілак і заканчвалася на праваслаўных. Гродзенскія камунальныя могілкі, рашэнне аб адкрыцці якіх было прынятае ў 1791 годзе, з’яўляюцца равеснікамі могілак ў Вільні, Львове, Кракаве і Варшаве. Адной з найстарэйшых вядомых магілаў з’яўляецца і брацкая магіла аўстрыйскіх салдат 1814 года, помнік на якой зроблены ў выглядзе абеліску, як і іншыя тагачасныя помнікі. А першы захаваны помнік на каталіцкіх могілках датаваны 1798 годам.
Мне асабіста шмат якія помнікі тут знаёмыя з 1986 году, калі разам з пэўным колам гарадзенцаў мы заняліся наглядам за могілкамі, асабліва напярэдадні Радуніцы і Дзядоў. Разам мы адшукалі магілу маці Максіма Багдановіча і ўсталявалі на ёй першы крыж з надпісам, што тут пахавана маці паэта Марыя Апанасаўна. Падчас экскурсіі я заўважыў, што на гэтай магіле ўсталяваны ўжо трэці па ліку помнік з выкарыстаннем вялікага каменю. Упершыню даведаўся, што побач з магілай майстра па вырабу помнікаў Баляслава Шышкевіча вялікая тэрыторыя, пакрытая зверху кветкамі, занятая магіламі манашак Брыгіцкага кляштару. Андрэй распавядаў не толькі пра людзей, якія пахаваны шмат гадоў назад, але і пра сімволіку, якая абавязкова сустракаецца на старадаўніх помніках.
Экскурсію па Новым свеце, забудаваным ў канцы XIX – першай палове XX стагоддзя праводзіла Таццяна Касатая. У сваім аповедзе пра гэты раён, па межах якога мы прагуляліся разам, яна выкарыстоўвала ўспаміны некалькіх жыхароў горада, якія жылі раней. Мне давялося крыху падправіць нашага гіда адносна часу пабудовы нашага біятэхналагічнага корпусу. Ён сапраўды пабудаваны ў 1913 годзе, а з 1907 рэальнае вучылішча арандавала прыватныя будынкі для правядзення заняткаў. Падчас экскурсіі прысутныя давалі прапановы, як можна змяніць маршрут у наступным годзе, і Таццяна паабяцала ўлічыць гэтыя пажаданні ў будучым.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2750-fest-ekskursavoda-2016-goda-garodni#sigProId786810aad5