Заняткі на факультэце павышэння кваліфікацыі лабарантаў запланаваны з 22 да 26 лютага 2016 года. Наведаў іх у першы дзень адразу пасля першай жа лекцыі асістэнта кафедры гігіены жывёлы Паўла Вашкевіча. Аказалася, што лекцыя ў слухачоў выклікала добрыя ўражанні.
За перапынак пазнаёміліся і разам дачакаліся прыходу на лекцыю Наталлі Філатавай, сур'ёзнага спецыяліста ў галіне аховы працы. Для мяне таксама лекцыя была цікавай, і таму даслухаў яе да канца. Уражанне такое, як бы Наталля Аляксандраўна заўсёды толькі і чытала гэты прадмет менавіта для ветэрынарных лабарантаў. Падчас сваёй прэзентацыі яна давала канкрэтныя парады, якія могуць спатрэбіцца ў працы слухачоў. Прадэманстравала вогнетушыльнікі і патлумачыла, калі і як імі карыстацца.
Дачакаўся, калі будуць заняткі ў слухачоў курсаў на кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі. У адной групе іх вяла Алена Смалей, у другой – Марына Дубініч. Але фатаграфаваў толькі слухачоў курсаў, якімі з'яўляюцца жанчыны розных узроставых груп, ёсць сярод іх і выпускнікі БТФ і ФВМ УА "ГДАУ". Слухачы ФПК, якія за плячыма маюць вялікі вопыт работы па спецыяльнасці, проста завальваюць выкладчыкаў пытаннямі.
Заняткі на гэтых курсах праводзяць выкладчыкі некалькіх кафедраў факультэта ветэрынарнай медыцыны. З атручваннем жывёлы, сімптаматыкай, дыягностыкай, лячэннем і прафілактыкай атручванняў пазнаёміў загадчык кафедры фармакалогіі і фізіялогіі Віктар Бяляўскі. Ён жа прачытаў лекцыю і пра асаблівасці дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі мікатаксікозаў, вельмі распаўсюджаных ў гаспадарках АПК. З агульнымі патрабаваннямі да акрэдытаваных лабараторый пазнаёміла загадчык навукова-даследчай лабараторыі Аксана Белавус. Пра тое, як праводзіцца гематалагічнае і біяхімічнае даследванне крыві, расказаў дацэнт кафедры акушэрства і тэрапіі Дзмітрый Воранаў. Па ўсіх тэмах лекцый са слухачамі праводзяцца лабараторныя заняткі. З сералагічнымі метадамі даследавання і ў прыватнасці з ІФА лабарантаў пазнаёміў на практычных занятках асістэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі Віктар Дубініч, а загадчык лабараторыі ДНК тэхналогій Аксана Епішка пазнаёміла з сучаснымі метадамі лабараторных тэхналогій. І гэта далёка не поўны пералік таго, з чым пазнаёмяцца супрацоўнікі ветлабараторый падчас курсаў.
https://www.ggau.by/nowosti/2630-pavyshenne-kvalifikatsyi-prakhodzyats-labaranty-vetlabaratoryj-grodzenskaj-voblastsi#sigProId5fa8c315c3