19 лютага на сустрэчу праз 30 гадоў сабраліся выпускнікі агранамічнага факультэта 1986 года. Адзін з іх, Генадзь Гесць, дацэнт кафедры арганізацыі вытворчасці ў АПК, і паведаміў мне аб тым, што такая сустрэча адбудзецца. Ён жа і кіраваў сустрэчай.
Усё новыя ўдзельнікі сустрэчы з'яўляліся ў фае ўніверсітэта. Тут сустрэў я і свайго земляка Віктара Жука, які быў родам з вёскі Гулічы майго роднага калгаса "Беларусь". Першае ўражанне, якое склалася аб гэтым выпуску, што яны яшчэ ўсе вельмі маладыя. Праўда, асобныя да паступлення ў інстытут прайшлі ўжо войска і падрыхтоўчае аддзяленне.
Не ўсе яны ўладкаваліся і працуюць па спецыяльнасці, але сярод ўдзельнікаў былі і кіраўнікі раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. На сустрэчу прыйшлі 40 выпускнікоў, таму не кожны мог распавесці пра свой лёс. Мабыць, знаёмства ў такім плане ў іх адбылося пазней ў кавярні "Н2О", якая была запланавана на вечар. Хто пажадаў, паспеў яшчэ наведаць музей гісторыі ГДАУ, дзе для іх цікавую экскурсію правёў загадчык музея Раман Баўфалік.
На сустрэчы для гасцей былі паказаны фільмы пра ўніверсітэт, дзе яны пазнавалі сваіх былых выкладчыкаў, асобных з якіх ужо няма сярод нас. На гэты раз я зрабіў відэазапіс выступаў былых куратараў груп. Прафесар Канстанцін Каляда пасля свайго выступу напісаў на дошцы нават нумар свайго мабільнага, паколькі гатовы падзяліцца насеннем сваіх гатункаў пшаніцы, сем з якіх раяніраваны ў Беларусі. Выступіла Юзэфа Дарафейчык, якая ў тыя далекія часы выкладала хімію на падрыхтоўчым аддзяленні і была куратарам першай групы. Падзяліліся сваімі ўспамінамі Іван Мікановіч і Мікалай Путырскі. Ад выпускнікоў выступіў стараста курса.
Напрыканцы сустрэчы Генадзь Гесць чытаў свае вершы, па якіх трэба было адгадваць сваіх былых выкладчыкаў. Праз 30 гадоў выпускнікі агранамічнага факультэта рабілі гэта безпамылкова. Хвілінай маўчання прысутныя памянулі 7 сваіх аднакурснікаў, якія не дажылі да гэтага спаткання.
https://www.ggau.by/nowosti/2620-sustrecha-praz-30-gado#sigProId0a5a99c225