Студзень – гэта месяц зімовай сесіі для студэнтаў вочнай формы навучання. Большасць з іх здалі залікі, экзамены. Студэнты факультэта ветэрынарнай медыцыны, якія працягвалі вучобу пасля аграрных каледжаў, здалі дзяржаўныя экзамены, абаранілі дыпломныя працы, ды ўжо і атрымалі дыпломы. Дарэчы, на іх уручэнні давялося папрысутнічаць і мне.
Хаця выкладчыкі і гаварылі, што яны выбралі сабе самую цяжкую для сельскай гаспадарку прафесію ўрача ветэрынарнай медыцыны, але ад выпускнікоў ішла аптымістычная энергетыка. На атрыманні дыпломаў без падрыхтоўкі ад імя выпускнікоў выступіў Сяргей Рамашкевіч, які выказаў словы шчырай падзякі сваім выкладчыкам за ўвесь працэс навучання на ФВМ.
Але не паспела завяршыцца яшчэ сесія, як на вучобу прыехалі завочнікі. У нас на кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі, акрамя будучых ветэрынарных урачоў, у студзені займаліся студэнты агранамічнага і інжынерна-тэхналагічнага факультэтаў. Прыемна адзначыць, што яны стараюцца наведаць усе лекцыйныя і лабараторныя заняткі. Нехта працуе ўжо па спецыяльнасці і таму можа падзяліцца вопытам. Мяне ўжо пачаставалі нейкім караваем з макам, які яны спяклі самі на нашым Гродзенскім хлебакамбінаце. Часам завочнікі просяць дазволіць выйсці з аўдыторыі, каб патэлефанаваць на працу і даць нейкія распараджэнні.
Сустракаюцца і студэнты старэйшых курсаў, якія з радасцю прыгадваюць нашыя заняткі ў мінулым. Звычайна пытаюцца, ці не буду ў іх весці які іншы прадмет, ці не згодны быць кіраўніком дыпломнай працы. Перад здачай экзаменаў завочнікі здаюць тэсты па кожным прадмеце, якія замянілі для іх выкананне кантрольных прац. Акрамя беларускіх студэнтаў, часта можна спаткаць і студэнтаў-завочнікаў, якія прыляцелі на сесію з далёкага Туркменістана. На факультэце павышэння кваліфікацыі ў студзені прайшлі курсы галоўныя спецыялісты раённых упраўленняў вобласці, пчаляры, працягваюцца курсы і ў нашых выкладчыкаў, якія вучацца рабіць электронныя навучальныя комплексы для студэнтаў па розных прадметах.
https://www.ggau.by/nowosti/2591-chargovy-vuchebny-semestr-zavyarshy-sya#sigProId000dc3918c