Удзельнікамі вандроўкі ў былую сталіцу нашай старажытнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага – Вільню сталі 53 асобы, сярод якіх выкладчыкі самых розных узроставых груп.
Як заўсёды, праявіў ініцыятыву і паспрабаваў падчас падарожжа давесці да ўдзельнікаў вандроўкі інфармацыю пра першы перыяд з гісторыі ВКЛ, калі сталіца яго была яшчэ ў Наваградку. Расказаў крыху і пра падзеі тых часоў, звязаныя з Гародняй. Аглянуцца не паспелі, як аказаліся на памежным пераходзе Прывалка. Хутка прайшлі праверку пашпартоў на нашай і літоўскай частках мяжы і накіраваліся далей. Абапал дарогі на большай яе частцы стаялі заснежаныя сосны, якія глядзеліся вельмі прыгожа.
Крыху перажывалі, што можа аказацца надта марознае надвор'е. Але мароз слабеў і нас ужо не палохаў. Наш гід Андрэй з'явіўся на назначаным месцы хутка. Падняліся да Маці Божай Вострабарамскай, якая з'яўляецца святыняй не толькі для каталікоў, але і для праваслаўных беларусаў, паколькі сам абраз напісаны па праваслаўных канонах. Наведалі царкву трох віленскіх святых, у якой дарэчы таксама захоўваюцца дзве копіі абразоў – Маці Божай Чанстахоўскай і Маці Божай Вострабрамскай. Хто пажадаў, набылі невялікія абразкі, запалілі знічкі.
Наступнай была царква Святога Духа, на месцы якой былі забітыя тры віленскія мучанікі, мошчы якіх пазней былі былі перанесены ў царкву насупраць. Андрэй расказаў і пра гісторыю муроў, якія пасля антырасійскага паўстання 1831 года былі турмой, у якой сядзеў у цямніцы і наш польскамоўны паэт Адам Міцкевіч разам са сваімі сябрамі па арганізацыі філаматаў. А ў пачатку ХХ ст. у беларускіх мурах знаходзілася Беларуская гімназія і Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, у якім, акрамя іншых старажытных каштоўнасцей, была сабраная вялікая калекцыя слуцкіх паясоў.
Далей вандравалі па горадзе. Малыя дзеці з першай хвіліны ўзяліся за рукі нашага гіда і не адпускалі яго да апошняй хвіліны. Яны мужна пераносілі зімовае надвор'е і ўважліва слухалі Андрэя, бацька якога праваслаўны беларус з Вільні, а маці – каталічка з Гародні. Вандроўка па другім па велічыні, пасля Пражскага, Старым горадзе завяршалася каля адноўленага палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх. У Кафедральным саборы крыху сагрэліся падчас наведвання часоўні Святога Казіміра, які спачыў у маладым узросце ў Гародні. Нікога не згубілі па дарозе і не пакінулі ў Вільні. З добрым настроем вярталіся ў Гародню, сучасная частка якой глядзіцца прывабней, чым забудова савецкіх часоў горада, які мы наведалі. Але Вільня, як духоўны цэнтр, звязаны з гісторыяй Беларусі, застанецца для нас назаўсёды прыцягальнай.
https://www.ggau.by/nowosti/2585-23-studzenya-adbylasya-paezdka-supratso-nika-gdau-vilnyu-arganizavanaya-prafkamam#sigProId855a214c05