КВС ЗААТ АГ – адна з вядучых фірм у свеце па сeлекцыі і вытворчасці насення сельскагаспадарчых культур, якая дзейнічае з 1856 года і мае свае прадстаўніцтвы больш чым у 70 краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Фірма – сусветны лідэр па насенні цукровых буракоў і кукурузы, хаця займаецца таксама насеннем алейных, збожжавых культур, бульбы і сорга.
Год назад прадстаўнікі фірмы КВС пабывалі ў ГДАУ і абвясцілі конкурс эсэ на тэмы, звязаныя з пытаннямі, па якіх працуе фірма. На прапанову адгукнуўся магістрант ФЗР Аляксандр Міхнюк, які і атрымаў дыплом за I месца, а да дыплома яшчэ і каштоўны падарунак. Эсэ Аляксандра мела наступную назву "Вопыт вырошчвання гібрыдаў кукурузы KWS на прыкладзе гаспадаркі СВК "Асавецкі" Брэсцкай вобласці Драгічынскага раёна".
На ўрачыстае атрыманне ўзнагарод сабраліся студэнты розных курсаў агранамічнага факультэта разам са сваім дэканам Алегам Кажанеўскім. На імпрэзе прысутнічалі і прадстаўнікі прадстаўніцтва KWSSAAT АG з Мінска – Дзмітрый Казейка, Вадзім Зяляняк і Андрэй Шаркевіч. Вадзім Зяляняк – наш выпускнік, здаецца, 2001 года, аспірантуру закончыў пры лабараторыі крыжакветкавых культур у Жодзіна, зараз працуе менеджэрам фірмы па аграсервісe кукурузы, рапса і сорга. У канцы сустрэчы прадстаўнікі фірмы КВС прапанавалі студэнтам некалькі экзэмпляраў каталагу гібрыдаў і гатункаў с.-г. культур 2015 года з апісаннем апошніх раянаваных у Беларусі гібрыдаў і гатункаў.
Гэта не апошні такі конкурс. Фірма KWSSAAT АG будзе працягваць падобную дзейнасць, і трэба спадзявацца, што большая колькасць нашых студэнтаў прыме ўдзел у будучых конкурсах, тым больш, што яны могуць атрымаць запрашэнне працаваць у прадстаўніцтве гэтай фірмы ў Беларусі.
https://www.ggau.by/nowosti/2555-alyaksandr-mikhnyuk-magistrant-z-fzr-atryma-uznagarody-ad-firmy-kws-saat-ag#sigProId99df5b5593