7-12 снежня на ФПК займаюцца 130 галоўных аграномаў гаспадарак, сярод якіх і 6 выкладчыкаў з трох аграрных каледжаў Гомельскай вобласці (Палескага, Рэчыцкага і Чырвонабярэжскага).
У першы дзень заняткаў галоўныя аграномы пазнаёміліся з актуальнымі пытаннямі ўборкі і захоўвання бульбы, аховы працы ў раслінаводстве і нарыхтоўкі грубых кармоў, а таксама з пытаннямі, звязанымі з карупцыяй, якія ім былі растлумачаны выкладчыкамі розных кафедраў ГДАУ і прадстаўніком "Біякома" і ФВМ.
На другі дзень прайшоўся па практычных занятках, якія праводзіліся выкладчыкамі розных кафедраў. Групы былі вельмі вялікімі, але адразу ў вочы кідаліся твары былых выпускнікоў, якія зараз працуюць на пасадах галоўных аграномаў. Адразу ўзнікла пачуццё гордасці за ГДАУ. Значыць, працуем не дарма, а забяспечваем кадрамі аграрны сектар Беларусі. Сярод знаёмых і мой даўні дыпломнік Руслан Гаманчук, які працуе галоўным аграномам у СПК "Гожа". Ёсць, праўда, сярод слухачоў курсаў і прадстаўнікі старэйшага пакалення. У гэты дзень пабываў на занятках у Алы Казіміраўны Залатар, якая расказвала пра сістэмы ўгнаенняў у севазвароце, у Людмілы Анатольеўны Зязюлінай, якая напамінала слухачам пра дыягностыку асноўных захворванняў раслін і мерапрыемствы па змяншэнні іх шкоднасці і ў Алены Рыгораўны Сапалёвай, якая вучыла спецыялістаў абараняць пасевы ад шкоднікаў.
Пабываў на занятках і на наступны дзень. З новых выкладчыкаў пабачыў Дзмітрыя Аркадзьевіча Брукіша, якія штогод на вопытным полі даследуе прэпараты аховы раслін, угнаенні розных фірм і дэманструе іх падчас курсаў павышэння кваліфікацыі спецыялістам, што працуюць у сельскай гаспадарцы. І зараз ён знаёміць слухачоў з пестыцыдамі і асаблівасцямі іх выкарыстання ад кампаній "БАСФ", "Адама", "Франдэса", "Щёлковоагрохим", "Агро Эксперт Групп", "Байер", "Дюпон". Акрамя таго, Дзмітрый Аркадзьевіч пазнаёміў слухачоў з насеннем сельскагаспадарчых культур кампаніі "Рапуль", а Міхаіл Сяргеевіч Брылёў – з гібрыдным насеннем цукровых буракоў фірмы "Марибо Сид".
З вялікім задавальненнем сам папрысутнічаў бы на падобных курсах, на якіх выкладаюць, акрамя названых вышэй, Сяргей Юргель, Міхаіл Андрусевіч, Фёдар Седляр, Сяргей Будай, Уладзімір Тарасенка і іншыя.
https://www.ggau.by/nowosti/2553-na-fakultetse-pavyshennya-kvalifikatsyi-galo-nyya-agranomy-gaspadarak#sigProId039e251852