19 лістапада ў актавай зале атрымалі дыпломы два патокі аграномаў завочнікаў – адны з поўным курсам навучання і тыя, хто працягваў вучобу пасля заканчэння аграрных каледжаў. Не пішу, што маладыя, бо сярод іх людзі рознага ўзросту. Напрыклад, два адзначаныя дыпломамі аб вышэйшай адукацыі спецыялісты сям'і Хомічаў жывуць у шлюбе ўжо 20 гадоў.
Напярэдадні наведаўся на абарону дыпломных прац выпускнікоў. Якраз рабіў свой выступ Аляксей Сесь. У дзень атрымання дыпломаў я даведаўся, што ён разам са сваёй сям'ёй у Пружанскім раёне мае фермерскую гаспадарку "Тукана", якая займаецца ягаднымі культурамі і вырошчваннем насеннай бульбы. Апошняй у яго 100 га. Мае некалькі адзінак тэхнікі, на якой сам і працуе. Ім наладжаны трывалыя сувязі з фермерамі Германіі, краін Скандынавіі і іншымі. Веды, якія ён набыў падчас навучання ў ГДАУ, патрэбны для працы. Я думаю, такімі ж падобнымі цікавымі даведкамі пра сябе маглі бы падзяліцца і астатнія выпускнікі.
У актавай зале на сцэне – першы прарэктар універсітэта Аляксандр Аляксандравіч Дудук, дэкан Алег Чэслававіч Кажанеўскі і намеснік дэкана па завочным аддзяленні Андрэй Валентавіч Боландзь. Кожны з іх выступіў з прамовай да выпускнікоў, і па традыцыі выпускнікі ў адказ таксама выказалі словы падзякі прысутным выкладчыкам, уручылі кветкі. Выпускнікам у гэты дзень былі ўручаны 144 дыпломы.
https://www.ggau.by/nowosti/2536-dyplomy-atrymali-vypuskniki-zavochnaga-addzyalennya-agranamichnaga-fakultetu#sigProId624e25ba93