28 верасня ў актавай зале ўніверсітэта адбылася сустрэча выкладчыкаў і студэнтаў ГДАУ з Міністрам СГіХ Рэспублікі Беларусь. Леанід Канстанцінавіч Заяц упершыню наведаў наш універсітэт, у сувязі з чым у фае была развёрнута выстава дасягненняў яго супрацоўнікаў і студэнтаў.
Леанід Канстанцінавіч на сустрэчу прыехаў разам з начальнікам Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў нашага міністэрства Самсановічам Уладзімірам Аляксеевічам і першым намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Жук Іванам Алейзавічам.
Пасля ўступнага слова рэктара ГДАУ Песціса Вітольда Казіміравіча, які адзначыў вартасць нашых выпускнікоў для развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі і вобласці, перад калектывам універсітэта выступіў Леанід Канстанцінавіч Заяц. У сваёй прамове ён спыніўся на пытаннях развіцця як сельскай гаспадаркі, так і эканомікі ў цэлым за гады незалежнасці Беларусі. Высокі госць падзяліўся сваімі ўраджаннямі аб нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Казахстана ў Сочы. Падчас гэтай сустрэчы праходзіла выстава як сельскагаспадарчай тэхнікі, што выпускаецца ў Беларусі, так і гатовай прадукцыі – мясной і малочнай, якая карысталася вялікім попытам у жыхароў г.Сочы.
Леаніду Канстанцінавічу было зададзена шмат пытанняў выкладчыкамі ўніверсітэта і нават нашым выпускніком, які мае сваю ўласную фермерскую гаспадарку. Адказы на ўсе пытанні былі цалкам абгрунтаванымі, утрымлівалі шмат лічбавых дадзеных. Пасля сустрэчы міністр пазнаёміўся з выставай дасягненняў, якія былі прадстаўлены кіраўніцтвам універсітэта.
https://www.ggau.by/nowosti/2486-sustrecha-kalektyva-gdau-z-ministram-selskaj-gaspadarki-i-kharchavannya-belarusi#sigProId8a94d09256