Сцэнарый гэтага свята падобны на папярэднія, за выключэннем хіба што высокіх гасцей, якія штогод наведваюць гэтую ўрачыстасць. Першакурснікі апладысментамі вітаюць членаў рэктарата ўніверсітэта і гасцей, сярод якіх у гэтым годзе першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Жук і старшыня вучэбна-вопытнага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Путрышкі" Віктар Петрушкевіч.
Вядучыя ўрачыстасці – Ірына Таранка і Сяргей Чухноў. Студэнты з чырвона-зялёнымі стужкамі выносяць сцяг ўніверсітэта, а студэнтка 4 курса эканамічнага факультэта, выдатніца вучобы, у той жа час і "Міс універсітэт – 2015" Святлана Маркелава і студэнт 4 курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта Арцём Гільварг паднімаюць Дзяржаўны сцяг РБ.
Перад першакурснікамі выступае рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс, які віншуе іх з паступленнем у наш універсітэт і ўручае сімвалічны "Ключ ад ведаў" студэнту 1-га курса агранамічнага факультэта Дзянісу Боцька.
Перад першакурснікамі выступіў Першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч, які адзначыў, што сельская гаспадарка мае вельмі важнае значэнне для нашай краіны – 60% малака ідзе на экспарт, рэспубліка экспартуе прадукцыю сельскай гаспадаркі на 6 млрд долараў. Пасля сваёй прамовы Леанід Адамавіч зачытаў прывітальны ліст ад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Леаніда Канстанцінавіча Зайца, які павіншаваў студэнтаў і выкладчыкаў ГДАУ з Днём ведаў.
Высокі госць узнагародзіў ганаровымі граматамі Міністэрства СГіХ дэкана факультэта ветэрынарнай медыцыны Віктара Малашку і дэкана агранамічнага факультэта Алега Кажанеўскага, а таксама падзякай Міністэрства загадчыка вучэбна-метадычнага аддзела Сяргея Юргеля і прарэктара факультэта павышэння кваліфікацыі Аляксандра Тараса. Гэтыя ўзнагароды, як патлумачыў Леанід Адамавіч, патрабуюць ад рэктара прэміравання вышэй названых выкладчыкаў ГДАУ.
Адбыліся выступленні намесніка старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Івана Алейзавіча Жука і старшыні УВ СВК "Путрышкі" Віктара Іванавіча Петрушкевіча. Як і штогод, Віктар Іванавіч рабіў сваю прамову па-беларуску. Ён пахваліўся высокай ураджайнасцю збожжа, якую атрымалі ў гэтым годзе ў СВК "Путрышкі". Але яна аказалася крыху ніжэй, чым ураджайнасць азімай пшаніцы "Ядвіся" на вопытным полі. З вуснаў самога прафесара Канстанціна Каляды ў гэты дзень я даведаўся, што яна склала 104 ц/га. Віктар Петрушкевіч уручыў "Сноп залатых каласоў" студэнту першага курса Андрэю Дзяшко.
Першакурснікаў віншуе і ўручае сімвалічныя "Заліковую кніжку" і "Студэнцкі білет" першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Дудук, якія атрымоўваюць Лізавета Маркевіч з 1 курса факультэта аховы раслін і Надзея Казлова з факультэта бухгалтарскага ўліку. У гэтым годзе студэнцкая сям'я нашага ўніверсітэта павялічылася на 522 студэнты. Вядучыя прадстаўляюць студэнтам дэканаў факультэтаў, ад імя якіх у гэтым годзе першакурснікаў павіншаваў дэкан інжынерна-тэхналагічнага факультэта Гендрых Жолік.
Студэнтаў віншуе сакратар ГА БРСМ Яўген Леўшык, які агучвае, што ў 2015 годзе былі створаны 7 студэнцкіх будаўнічых атрадаў, у якіх працавалі больш 200 сябраў аб'яднання.
У завяршэнні ўрачыстасці ў выкананні лаўрэата рэспубліканскіх конкурсаў Артура Якушава гучыць Гімн Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, пасля якога ўзлятае святочны фейерверк. Удзельнікі ўрачыстасці разыходзяцца, але не надоўга. Праз гадзіну на факультэтах адбудуцца сустрэчы першакурснікаў з дэканамі і куратарамі, а Леанід Адамавіч Марыніч працягне сваё знаёмства з супрацоўнікамі і аўдыторыямі ўніверсітэта.
https://www.ggau.by/nowosti/2473-1-verasnya-adbylosya-prysvyachenne-studenty-gdau-pershakursnika#sigProId1bba250b5e