Гэтага матэрыялу магло бы і не быць, калі б студэнтам не трэба было ўбіраць свае культуры, якія ўжо паспелі. Традыцыйна яны занятыя спярша разбіўкай дзялянак, унясеннем на іх угнаенняў, падрыхтоўкай насення. Апрацоўкай глебы звычайна займаюцца механізатары, якія стала працуюць на вопытным полі. Дагляд за пасевамі таксама важны, каб да моманту прыёмкі вопытаў камісіямі яны глядзеліся годна.
30 ліпеня мы з Пятром Леанідавічам Тарасенкам убіралі ячмень. Правільней сказаць, што ўборкай займаўся ён адзін з групай студэнтаў, якія выконваюць дыпломныя працы ў нашым агульным севазвароце. Я запрасіў свайго завочнага дыпломніка, які працуе ў горадзе і мы з ім як у пасевах ячменю, так і ў пасадках бульбы адабралі ўзоры глебы, якія пасля сеялі да самага вечара, каб правесці ўлік асноўных груп мікраарганізмаў у ёй. Трэба спадзявацца, што бульбу будзем убіраць у верасні, калі студэнцкія канікулы завершацца.
У памяшканні вопытнага поля абмалочвалі свае снапкі нашы селекцыянеры, нашчадкі асноўнага генетыка, аўтара шматлікіх гатункаў збожжавых Канстанціна Каляды. Звычайна ў гэтай працы ўдзельнічаюць не толькі дзеці, але і ўнукі Канстанціна Ўладзіміравіча. Гэта толькі адзін з момантаў навуковай дзейнасці студэнтаў, які патрапіў у аб'ектыў майго фотаапарата.
https://www.ggau.by/nowosti/2465-letam-ne-prypynyaetstsa-navukovaya-dzejnasts-studenta-agranoma#sigProIdfd7c6144f3