Пачатак адкрытага паседжання прыёмнай камісіі па заліку ў студэнты быў прызначаны на 11 гадзін. Абітурыенты і іх бацькі збіраліся ў актавай зале, дзе дэманстраваўся фільм пра Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. У першых радах размясціліся дэканы факультэтаў. Настрой ва ўсіх быў на добрым узроўні, паколькі набор студэнтаў 2015 года дазволіў запоўніць усе бюджэтныя месцы.
На сцэну паднімаюцца члены прыёмнай камісіі на чале з рэктарам Вітольдам Песцісам, прарэктары, дэканы факультэтаў, прадстаўнік дзяржкантролю - Наталля Крывіцкая, абласнога ўпраўлення – Жана Хадзько , начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання - Уладзімір Самсановіч.
Адкрывае паседжанне першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Дудук, некалькі слоў пра правільнасць зробленага выбару нашых будучых студэнтаў гаворыць рэктар Вітольд Песціс, а заадно і віншуе шчаслівых абітурыентаў і іх бацькоў з паступленнем. Затым Аляксандр Аляксандравіч Дудук называе прозвішчы студэнтаў, якія залічваюцца на той ці іншы факультэт, на тую ці іншую форму навучання. Сустракаю знаёмыя прозвішчы зараз ужо студэнтаў, якія выкарыстоўваў у сваіх матэрыялах аб тым, як ідзе прыём заяў. Члены прыёмнай камісіі шматразова галасуюць, зацвярджаючы залічэнне студэнтаў. Тыя, хто не прайшоў, маюць магчымасць патрапіць яшчэ на платную форму навучання ці завочную, на якую пачнецца прыём заяў у лістападзе.
Слова папрасіў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсановіч. Ён адзначыў, што ў чатыроў вышэйшых навучальных установах аграрнага профілю Беларусі займаецца каля 34 тысяч студэнтаў. Кіраўніцтва краіны стараецца падтрымаць іх, не змяншаюцца бюджэтныя месцы, на платнай форме навучання плата не такая ўжо і высокая, 2/3 усё роўна даплочвае дзяржава. Ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для працы пасля заканчэння вучобы, маладым спецыялістам робяцца даплады, выдаюцца ільготныя крэдыты, прадастаўляецца жыллё.
У апошні момант заўважаю, што Вітольд Казіміравіч Песціс выпадкова сустракае сваю аднакурсніцу Валянціну Карніловіч (раней Трусаву), з якой разам заканчвалі ЗІФ (зараз біятэхналагічны факультэт). Дачка Валянціны Аксана Немчыновіч таксама закончыла ў 1995 годзе ЗІФ, а вось яе ўнук Уладзіслаў паступіў у гэтым годзе на факультэт ветэрынарнай медыцыны ГДАУ. Ён магчыма пайшоў па шляху свайго бацькі Генадзя, які вучыўся на ўрача ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску.
Яшчэ сустрэў маму з дачкой, якая не змагла паступіць на ФВМ, бо і на мэтавы прыём аказалася зашмат заяў. У іх яшчэ ёсць шанс пайсці вучыцца ў Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж, а пасля яго заканчэння паступіць на скарочаную форму навучання на факультэт ветэрынарнай медыцыны ГДАУ. Магчыма падобны шанц могуць выкарыстаць і іншыя абітурыенты, што не патрапілі на ФВМ. Прыём заяў абітурыентаў на платную форму навучання працягваецца да 2 жніўня.
https://www.ggau.by/nowosti/2461-25-lipenya-abituryenty-gdau-zalichany-studenty#sigProIdc0c7bcb3ad