Супрацоўнікі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта прынялі ўдзел у святкаванні Дня незалежнасці Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічалі рэктар ГДАУ Вітольд Песціс, прарэктары, дэканы, загадчыкі кафедраў і проста выкладчыкі.
Асобнай калонай у шэсці прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскага аб'яднання "Белая Русь", стваральнікам якога ў 2004 годзе стаў рэктар нашага ўніверсітэта. ГА "Белая Русь" з 2007 года мае статус рэспубліканскага аб'яднання.
Адкрыў святочны мітынг губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў. Ён жа і ўручыў узнагароды лепшым працаўнікам вобласці ў розных галінах навукі і вытворчасці. На сцэне выступілі Гродзенскія артысты. Ад імя моладзі і студэнтаў выступіла выпускніца бухгалтарскага факультэта ГДАУ Юлія Кузміцкая, якая нядаўна была удзельніцай рэспубліканскага балю выпускнікоў ВНУ, на якім іх вітаў Прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка.
Вітольд Казіміравіч разам са старшынёй студэнцкага прафкама Сяргеем Чухновым усклаў кветкі да помніка ў парку Жылібера. У тым жа парку быў выстаўлены намёт, у сярэдзіне якога былі прадстаўлены апаратура, якой карыстаюцца на ФВМ універсітэта. Пад мікраскопам можна было пабачыць мікраарганізмы розных форм, а на чашах Петры – іх рост на пажыўных асяродках.
Цэлы дзень у цэнтры горада працягвалася гулянка гараджан. У парку працавалі атракцыёны, выставы вырабаў народных майстроў, выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Вечарам на плошчы каля былога дома віцэ-адміністратара горада адбыўся святочны канцэрт Дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
https://www.ggau.by/nowosti/2444-dzen-nezalezhnastsi-belarusi#sigProId8900f19d87