На гэты раз расказваць пра гісторыю горада і яго архітэктурных помнікаў мне давялося для аграномаў, якія прыехалі павышаць сваю кваліфікацыю на ФПК ГДАУ. Слухачы факультэта – гэта аграномы, якія працуюць у Віцебскай, Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Толькі тры чалавекі з групы заканчвалі ў свой час наш універсітэт.
Надвор'е нават па прагнозе было не для прагулак. Каб пераканацца, што нехта адважыцца пагуляць па горадзе, у якім, як у той песні Віктара Шалкевіча – " У Гародні дождж", загадзя прайшоўся па пакоях інтэрнату ФПК. Нягледзячы на адсутнасць у слухачоў факультэта парасонаў, амаль ўсе выказалі жаданне ісці ў вандроўку па горадзе. На прыпынку да нас далучыліся госці з Уральскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Вольга Быкава і Ілля Шарыгін.
У такое надвор'е я адгаварыў ахвотных ісці да Каложы, якую паказаў з муроў Старога Замку, на якія нібыта ў мэтах бяспекі ўзбірацца забараняецца. Але за шмат гадоў ні разу не было выпадку, каб хто адтуль зваліўся. Іншая справа, што асобныя людзі страшна баяцца вышыні, і тады яны не рызыкуюць. Паколькі да замкаў мы ішлі паўз наш драматычны тэатр, то назад вярталіся па вуліцы Замкавай. Пабылі на службе ў Фарным касцёле, якая адбывалася на беларускай мове. Часам шкада, што сам не католік, бо праваслаўная царква нашай роднай мовай практычна не карыстаецца падчас службаў, якія праводзяцца за вельмі рэдкім выключэннем па-руску.
У музеі фарнай аптэкі экскурсіі платныя, але супрацоўніца яе, магчыма для мяне, робіць выключэнне і коратка распавядае пра яе экспазіцыю. Затое ў гэты раз наведвальнікі набылі шмат магніцікаў з краявідамі Гродна. Пад дожджыкам ідзём па вуліцы Савецкай, фатаграфуемся на фоне аблвыканкаму, на якім вісіць расцяжка аб тым, што ў наступны дзень адбудзецца сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Нягледзячы на тое, што ад пачатку нашай вандроўкі прайшло амаль тры гадзіны, часу на знаёмства з горадам XVIII стагоддзя не застаецца. Развітваемся на прыпынку каля тэатра лялек. Далей хто вяртаецца назад у цэнтр, хто на аўтобусе едзе да вуліцы Церашковай, а хто пяшком дабіраецца да інтэрнату. Па агульным настроі адчуваю, што экскурсія па горадзе спадабалася. Гародня цудоўная ў любое надвор'е.
https://www.ggau.by/nowosti/2437-paznavalnaya-vandro-ka-pa-garodni-dlya-chargovykh-slukhacho-fpk#sigProId79739d4760