16 мая выкладчыкі, якія працуюць на агранамічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, здавалі свае вопыты камісіі, якую ўзначальваў Фёдар Фёдаравіч Седляр. Такая прыёмка праходзіць звычайна штогод напярэдадні агляду вопытаў камісіяй, створанай па загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ.
Мы наведалі селекцыйны цэнтр па стварэнні новых гатункаў зерневых культур, аб працы і праблемах якога расказаў прафесар Канстанцін Каляда. Шмат разоў слухаю Канстанціна Ўладзіміравіча, гадаю, скончыць ён гэтую сваю працу ці не пасля ўсяго выказанага, але штогод ізноў і ізноў на яго дзялянках ідзе праца па стварэнні новых гатункаў пшаніцы хлебапякарнага накірунку з удзелам не толькі аспірантаў, але і студэнтаў.
Наступны аб'ект наведвання – аграцэнтр па выпрабаванні новых відаў пестыцыдаў, якія прадстаўляюцца рознымі беларуска-замежнымі фірмамі тыпу "Франдэса", "Аўгуст" і іншымі. Некалькі гадоў назад аграцэнтр перабраўся з земляў СПК на тэрыторыю вопытнага поля. Нягледзячы на тое, што гэтай справай займаецца Дзмітрый Брукіш, у даследаваннях на розных культурах задзейнічаны і шмат выкладчыкаў, асабліва з факультэта аховы раслін. Ад кафедры аграхіміі і глебазнаўства Сяргей Юргель тут жа праводзіць даследаванні розных мінеральна-арганічных угнаенняў, якія, акрамя мікраэлементаў, утрымліваюць і амінакіслоты. Ён нават захапіў з сабой для нагляднасці некалькі прабірак з такімі прэпаратамі, якія маюць вадкую ці сухую форму. Магчым, зараз вынікі выкарыстання гэтых прэпаратаў не так бачны, але да семінараў для спецыялістаў сельскай гаспадаркі, якія пачнуцца з 29 чэрвеня, будзе больш відавочнай неабходнасць іх выкарыстання.
Камісіі прыходзіцца абыходзіць вопытнае поле, якое раскінулася на плошчы больш 100 га. Апошнім аб'ектам з'яўляецца сад вопытнага поля, аб працах у якім расказвае загадчык вопытнага поля, пладавод па спецыяльнасці Павел Шэшка. З Аленай Іванаўнай Дарашкевіч, загадчыкам кафедры батанікі спрабуем на зуб агрэст. Пакуль яшчэ кіслы...
Далей едзем на месца, дзе раней знаходзіўся аграцэнтр універсітэта, а зараз там размяшчаюцца вопыты з позняй капустай, якія праводзіць Аляксей Собалеў. Капуста выглядае вельмі прыгожай. Пасаджана ўручную. Зямля сугліністая, высокапладародная. Зусім побач сад СПК, у якім таксама праводзяцца даследаванні эфектыўнасці прэпарата "Эктафіт" супраць яблыневых шкоднікаў. Першыя вынікі рэгістрацыйнага вопыту дэманструюць супрацоўнікі кафедры энтамалогіі і біялагічнай аховы раслін ГДАУ Е.Р. Шынкарэнка і Е.Р. Сапалёва.
Едзем у фермерскую гаспадарку, на тэрыторыі якой Дзмітрый Брукіш размнажае розныя пладовыя культуры. Тут жа праводзяцца даследаванні яго аспіранткай па ахове саджанцаў ад шкоднікаў і хвароб. Сваёй паездкай з камісіяй па прыёмцы вопытаў і ў гэты раз застаўся задаволены.
https://www.ggau.by/nowosti/2428-pryjomka-vopyta#sigProId6963ff50fa