Ускладзе дэлегацыі з 42 асоб дэкан факультэта ветэрынарнай медыцыны і тэхналогіі жывёлагадоўлі Аляксандр Арыстаў, выкладчыкі розных кафедраў факультэта, студэнты, якія прыехалі для ўдзелу ў студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях на факультэце ветэрынарнай медыцыны і біятэхналагічным, а таксама студэнцкая каманда па валейболе.
З многімі гасцямі быў знаёмы яшчэ да іх прыезду, што стала магчымым праз сацыяльную сетку "Ўкантакце".
Праграма была даволі насычанай. Зранку з дэлегацыяй выкладчыкаў Варонежскага аграрнага сустрэліся першы прарэктар ГДАУ Аляксандр Дудук, прарэктар па навуковай працы Сяргей Тарасенка і загадчыкі кафедр ФВМ. Сустрэча праходзіла ў канферэнцзале, а ў гэты час студэнты знаёміліся з музеем Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і вучэбнымі аўдыторыямі галоўнага корпусу.
Пасля абеду ў студэнцкай сталовай госці накіраваліся ў СПК "Прагрэс-Верцялішкі". Гідам ад універсітэта быў дацэнт Аляксандр Паўленя, а ў СПК нас сустрэў намеснік старшыні Аляксандр Гарошка, які за час сустрэчы расказаў аб дзейнасці аднаго з лепшых СПК вобласці.
Асноўным аб'ектам, на якім мы пабывалі, аказаўся конна-спартыўны комплекс гаспадаркі. Паміж студэнтамі і коньмі наладзіліся цёплыя адносіны, нават цяжка было раставацца. Фатаграфаваліся.
Пасля вяртання ў горад вадзіцель аўтобуса, на якім госці прыехалі з Варонежа, давёз нас да Каложы, адкуль і пачалася пешая азнаямленчая экскурсія па Гародні. Штосьці я паспеў расказаць падчас нашай вандроўкі па гораду, а штосьці пакінуў на наступны дзень.