29 красавіка актавая зала Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта была перапоўненая. Прафсаюзны камітэт для супрацоўнікаў, пенсіянераў, студэнтаў універсітэта арганізаваў бясплатны канцэрт музыкальнага тэатру "Рада" з Гродна, які выступіў перад імі з цыганскай песенна-танцавальнай праграмай, прысвечанай як першамайскім святам, так і 70-м угодкам Перамогі.
Упершыню давялося пазнаёміцца з гэтым калектывам некалькі гадоў назад, калі ў наш універсітэт прыязджала дэлегацыя спецыялістаў сельскай гаспадаркі з Расіі, Украіны, Казахстану. Тады калектыў "Рада" выступіў з праграмай "Казакі". Калі ішоў на гэты канцэрт, то гадаў: хто ж такі будзе выступаць – цыганы ці казакі.
Гэтая думка мучыла і пад час канцэрту. Саліста ансамбля Артура Вансовіча, які на самай справе з'яўляецца этнічным цыганам, ведаю даўно.
Канцэрт ішоў на вышэйшым узроўні, вельмі цёпла сустракалі кожны нумар цыганскай праграмы і слухачы ў зале. Спрабаваў разгледзець у кожным удзельніку ансамблю рысы цыган. Як былы ўдзельнік падобнага калектыва, ацэньваў майстэрства кожнага выступоўцы, хацелася заўважыць нейкія памылкі, ды яны не выяўляліся. "Рада" выступала на ўзроўні філарманічнага калектыву "Белыя Росы", які ўжо некалькі разоў радаваў ўніверсітэцкага гледача. Магчыма, праяўляецца ўздзеянне на артыстаў месца іх рэпетыцый – былы Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Калісьці ў гэтым палацы праводзіў рэпетыцыі ансамблю танца "Раніца" харэограф Яўген Штоп. Пазней яго удзельнікі сталі асновай для ансамблю "Белыя Росы".
Дзве цыганскія песні артысты выконваюць разам з залай. Вось і фінал канцэрту. На сцэну падымаецца рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс з букетам кветак і выказвае падзяку за такое добрае выступленне артыстам. Пытаюся ў Аляксандра Ігнаценкі, сучаснага адміністратара калектыва, колькі ж у "Радзе" цыганоў. Адказ быў зусім для мяне нечаканым – адзін. Але ён працягвае інфармаваць: "У нас ёсць і беларуская, і казацкая, і ...яшчэ нейкія канцэртныя праграмы". Малайцы і артысты, і іх мастацкі кіраўнік Ігар Суворкін. Хочацца пажадаць калектыву і далей радаваць гледачоў сваімі выступамі, а таксама шматлікіх плённых паездак па Беларусі і іншых краінах свету.
https://www.ggau.by/nowosti/2368-ansambl-rada-na-stsene-agrarnaga-niversiteta#sigProIda3dec879eb