31 сакавіка – апошні дзень месяца – адзначаны некалькімі падзеямі, кожная з якіх заслугоўвае асобнага матэрыялу. Гэта першы з трох дзён працы кірмаша-прэзентацыі "АГРАВЯСНА – 2015", на якой можна набыць саджанцы, насенне, прылады для працы на садовых участках.
З аднаго боку, падобную імпрэзу можна было правесці крыху пазней, калі пойдзе транспарт на садовыя участкі, з іншага – было недастаткова інфармацыі ў горадзе. І ўсё ж наведвальнікі былі, куплялі саджанцы пладовых і дэкаратыўных раслін.
Другая імпрэза – абласная канферэнцыя студэнтаў, прысвечаная 70-м угодкам перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у якой прынялі ўдзел студэнты ВНУ і каледжаў Гродна. На канферэнцыі прысутнічала вялікая група ветэранаў вайны, якія удзельнічалі ў працы секцый, дыскусіях. Паколькі я прысутнічаў толькі на ўручэнні ўзнагарод, то маю прадстаўленне аб канферэнцыі з выступу кіраўнікоў секцый, якія хвалілі не толькі студэнцкія выступы, але і ўзровень арганізацыі канферэнцыі, выказвалі падзяку ў адрас рэктара ўніверсітэта Вітольда Казіміравіча Песціса.
Дзень адчыненых дзвярэй праходзіў у гэтым годзе не ў актавай зале, а ў фае ўніверсітэта. Кожны факультэт прадстаўляў сябе за асобнымі столікамі, на якіх знаходзіліся інфармацыйныя матэрыялы і тое, што магло выклікаць цікавасць будучых абітурыентаў. Магу адзначыць, што не толькі дэканы і іх намеснікі агітавалі абітурыентаў паступаць на іх факультэты, але гэтым займаліся і студэнты. Думаю, што іх прафарыентацыя была вельмі пераканаўчай.
На ўваходзе студэнты для наведвальнікаў арганізавалі канцэртную праграму. Песні выконваліся разам са слухачамі. А ў актавай зале, незаўважна для ўсіх, адбывалася рэпетыцыя хатніх заданняў КВН.
https://www.ggau.by/nowosti/2330-adzin-dzen-z-zhytstsya-niversiteta#sigProId2fa1e825fe