Біятэхналагічны цэнтр па рэпрадукцыі сельскагаспадарчай жывёлы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта набывае ўсё большую папулярнасць за межамі Беларусі.
Восенню я ўжо пісаў пра стажыроўку спецыялістаў з Ліпецкай вобласці, а нядаўна выпадкова даведаўся пра спецыялістаў, якія прыехалі да нас з Новасібірскай вобласці і Алтайскага краю. У той жа дзень я запрасіў іх разам прайсціся па гораду, бо праводзіў экскурсію для групы дырэктараў райплемстанцый. Зразумеў, што ў вольны час яны і самі спрабавалі знаёміцца з Гародняй.
Знаёміцца з гасцямі прыйшлося як у той дзень, так і ў апошні, пасля іх двухтыднёвага знаходжання ў Гродна, ужо ў цягніку. Аляксей Сямёнавіч Балакіраў прыехаў у наш універсітэт з Новасібірскай вобласці, з мястэчка Нікольскае, дзе працуе галоўным ветурачом гаспадаркі. Там ён займаецца селекцыяй буйной рагатай жывёлы малочнага накірунку і свіней. Атрыманыя ўжо першыя эмбрыёны па тэхналогіі in vitro і дзве цялушкі прынеслі 4 цяляці. У Гродна прыехаў за набыццём практычнага вопыту ў гэтай тэхналогіі.
Надзея Мікалаеўна Пыльцова прыехала да нас з Алтайскага краю – за 3850 км. Вёска Бурла Бурлінскага раёну, дзе яна працуе заатэхнікам селекцыянерам мясной жывёлы, размяшчаецца за 500 км ад Барнаула ў бок Казахстану. Другое месца яе працы – цэнтр сельскагаспадарчага кансультавання ў Барнауле. У іх таксама ўжывацца тэхналогія in vitro, закуплены некалькі эмбрыёнаў за мяжой з мэтай паляпшэння прадуктыўнасці і павышэння рэнтабельнасці мясной жывёлагадоўлі, ды і малочнай таксама. Яна спадзяецца, што пасля знаёмства з атрыманай у Гродна інфармацыяй, мясцовае кіраўніцтва прыслухаецца і адчыніць цэнтр рэпрадукцыі, такі, як у Пачапава, куды для гасцей быў арганізаваны выезд.
Са слоў Надзеі Мікалаеўны даведваюся, што хоць статак буйной рагатай жывёлы ў Алтайскім краі ў 5 разоў меншы, але надоі прыкладна аднолькавыя, як і ў Беларусі – больш за 4 тысячы літраў ад каровы. У іх пачынаюць развівацца прыватныя гаспадаркі, у якіх гэты паказчык значна вышэйшы.
Пасля наведвання Гродна госця адзначыла чысціню горада і добразычлівасць яго жыхароў, а мясная і малочная прадукцыя, якую ўспела паспрабаваць, аказалася высокаякаснай і смачнай.
https://www.ggau.by/nowosti/2296-gostsi-gdau-z-novasibirskaj-voblastsi-i-altajskaga-krayu#sigProId6a6f6bed80