6 сакавіка пасля ўрачыстасці з нагоды Міжнароднага жаночага дня ветэраны ўніверсітэта, якія зараз знаходзяцца на пенсіі, тыя, хто ўжо даўно не працуе, і тыя, хто працягвае яшчэ працаваць, сабраліся разам на невялікае застолле ва ўніверсітэцкай сталовай.
Паколькі ведаў пра гэтую імпрэзу раней, вырашыў наведацца на яе і я. Вядучай была Ірына Таранка, музыкай загадваў студэнт аграфака Сяргей Янушкевіч. Яны не давалі нікому засумаваць. Падчас майго прыходу ветэраны выконвалі танцы жэстамі, не ўстаючы з крэслаў. Астатнія павінны былі ўгадаць, што гэта за танец. Былі і рэальныя конкурсы, калі запрашалі дамы ці кавалеры. Пераможца атрымліваў бутэльку шампанскага. Яе атрымала былы хімік, якую памятаю яшчэ па лекцыях на двухтыднёвых падрыхтоўчых курсах у 1974 годзе, Відзюшкіна. Запытаў Міхаіла Аляксандравіча Амялішку, чаму ён не танцуе, і атрымаў адказ, што і ў маладосці не танцаваў. Але ж Міхась Аляксандравіч добра спявае. Ён шмат гадоў спяваў разам са сваёй жонкай у хоры духоўнай музыкі "Бацькаўшчына", аб якім выдаў добрую кніжку.
Калісьці Алена Браніславаўна Карпач, якая вучылася ў першыя гады працы ГСГІ, прыгадвала, што Міхась Амялішка прымаў у яе ўступны экзамен па фізіцы. Дарэчы, у мяне таксама, але гэта было нашмат пазней. Пасля выхаду на пенсію Міхась Аляксандравіч напісаў некалькі кніжак. І на гэты вечар ён захапіў, каб перадаць мне другі том рамана-ўспаміну "Заблудныя", у якім апавядаецца пра жыццё жыхароў вёсак Бортнікі і Вольна, мястэчак Сноў і Нясвіж. Падпісаў мне ён і яшчэ адну кніжку "Як жыць, дык жыць для Беларусі", напісаную па матэрыялах гутарак са стваральнікам Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-гістарычнага музея Алесем Белакозам.
Далей мужчынская палова ўдзельнікаў вечарыны вітала жанчын, прысвячаючы ім песні ў сваім выкананні. Такую песню выканаў і Мікалай Сяргеевіч Курчак ("Я назаву цябе зоранькай..."), які ад 1962 года працаваў на кафедры фізвыхавання і спорту 53 гады. Жанчыны таксама выконвалі песні.
Зараз ветэранскую арганізацыю узначальвае Сілюк Ірына Вячаславаўна, якая адначасова працягвае працаваць на кафедры гігіены факультэта ветэрынарнай медыцыны. Ветэранам ва ўніверсітэце ўдзяляецца шмат увагі і з боку прафсаюзнай арганізацыі. Для іх арганізуюцца канцэртныя праграмы, падчас якіх яны маюць магчымасць дадатковы раз спаткацца і пабачыцца, экскурсіі, забеспячэнне гароднінай і іншыя формы падтрымкі.
Хаця вечарына і закончылася яшчэ да заходу сонца, усіх прысутных развезлі па хатах на ўніверсітэцкім аўтобусе.
https://www.ggau.by/nowosti/2295-svyata-nashykh-veterana#sigProId1b5f690a61