Засталіся за спіной дзяржэкзамены, абарона дыпломных прац і, нарэшце, трэба было атрымаць дыпломы. Не мог не папрысутнічаць на ўручэнні іх, паколькі тры маладыя аграномы рабілі дыпломныя працы пад маім кіраўніцтвам і мы рэгулярна сустракаліся ад першага курса і да пятага.
Адзін з маіх дыпломнікаў, Шыбайла Дзіма, за студэнцкую навуковую працу, падрыхтаваную на Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх прац, атрымаў у мінулым годзе дыплом I катэгорыі. На вялікую радасць усе тры дыпломнікі абараніліся з адзнакай "дзевяць".
Прыемна было бачыць, што тыя студэнты, якія праходзілі сельскагаспадарчую мікрабіялогію на другім курсе, выраслі, памужнелі, сталі інтылігентнымі, граматнымі спецыялістамі. Па дарозе на ўрачыстасць спаткаў двух выпускнікоў біятэхналагічнага факультэта розных гадоў выпуску. Савук Зміцер працуе старшынёй СПК імя Кляцкова ў Ашмянскім раёне, а Віталь Гуліцкі – яго намеснікам па жывёлагадоўлі.
Зараз пра лёс выпускнікоў-аграномаў гэтага года можна будзе даведацца праз сацыяльную сетку "Ўкантакце" – як ідзе праца ці служба ў войску, як змяняецца сямейны статус. Хтосьці пажаліцца на свае няўдачы – і такое магчыма – а хтосьці падзеліцца сваімі поспехамі. Агранамічны факультэт у гэтым годзе падрыхтаваў і спецыяліста для далёкага Туркменістана – Аскера Азімава.
На ўрачыстасці першым выступіў рэктар універсітэта Вітольд Казіміравіч Песціс, які падзяліўся тым, што і сам паступаў калісьці на агранамічны факультэт. Збіраўся ва ўніверсітэт Я.Купалы, ды нехта ў апошні момант адгаварыў. Як-ніяк школьныя настаўнікі ўжо тады ездзілі на веласіпедах, калі аграномы на матацыклах. На маю думку сітуацыя і зараз падобная, бо не прадстаўляю сабе агранома без службовага аўтамабіля.
Вітольд Казіміравіч даў яшчэ некалькі карысных жыццёвых парад выпускнікам, якія могуць спатрэбіцца ім у жыцці. Дэкан факультэта Алег Чэслававіч Кажанеўскі падчас сваёй прамовы запрасіў усіх не забываць сваю Альма-матэр, у тым ліку і дэканат агранамічнага факультэта. Ад куратараў выступіла Кацярына Аляксееўна Бародзіч.
https://www.ggau.by/nowosti/2292-26-lyutaga-dyplomy-atrymali-52-vypuskniki-agranamichnaga-fakulteta#sigProIdf06fd5ba24