На стажыроўку па аграноміі ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на гэты раз прыехалі дацэнт кафедры земляробства Валянціна Васільеўна Рзаева і дацэнт кафедры агульнай біялогіі Ксенія Віктараўна Маісеева.
Паселены нашы госці былі ў санаторыі "Нёман", дзе пражывалі і праходзілі вучобу 130 галоўных аграномаў Гродзенскай вобласці. На месцы яны мелі магчымасць наведваць лекцыйныя заняткі беларускіх вучоных для аграномаў, але асабліва іх цікавіла праца розных кафедр ГДАУ, і таму яны знаёміліся з працай і навукоўцамі кафедр земляробства, батанікі і фізіялогіі раслін, раслінаводства.
На кафедру земляробства з гасцямі не патрапіў, але падчас майго наведвання санаторыя пачуў ад іх добрыя водгукі аб уражанні, якое яны там атрымалі. Наступная сустрэча адбылася ў працоўным пакоі прафесара Канстанціна Уладзіміравіча Каляды. Для Ксеніі Маісеевай яна была асабліва цікавай, бо яна займаецца ў дактарантуры і будучая доктарская праца яе будзе звязана з селекцыяй азімай пшаніцы. А як вядома, адным з буйнейшых селекцыянераў Беларусі з'яўляеццка Канстанцін Уладзіміравіч, які пазнаёміў гасцей не толькі са сваімі гатункамі пшаніцы, але і з прадстаўнікамі сваёй навуковай школы, якая ўжо налічвае 7 маладых навукоўцаў.
Падчас гэтай сустрэчы было дамоўлена, што паміж нашымі ўніверсітэтамі пачнецца сумесная навуковая праца. А раптам якія гатункі азімай пшаніцы, выведзенай у Гродна, змогуць вытрымаць суворыя зімы паўночнага ці паўднёвага стэпу Заўралля. Бо гатунак азімай пшаніцы, якая была названа Канстанцінам Уладзіміравічам у гонар сваёй маці, Ядвіся, у Варонежскай вобласці больш чым на 10 ц/га перавысіў ураджайнасць астатніх гатункаў пшаніцы, якія там высяваюцца.
Канстанцін Уладзіміравіч падзяліўся з гасцямі сваім удзелам у запуску ў космас першых савецкіх касманаўтаў, расказаў аб сустрэчах і размовах з Юрыем Гагарынам, Германам Цітовым, Сяргеем Каралёвым. Я перажываў, што за тыдзень нашы госці так ні разу і не пабачылі старой часткі Гродна, але яны пераканалі мяне, што прыедуць на навуковую канферэнцыю па вясне і тады пазнаёмяцца з горадам.
https://www.ggau.by/nowosti/2242-stazhyro-ku-gdau-prajshli-vuchonyya-z-dzyarzha-naga-agrarnaga-niversiteta-z-g-tsyumen#sigProId884ebddeb9