Прэмія імя Аляксандра Дубко ўручаецца асабліва адораным навучэнцам і студэнтам ужо не першы год. У гэтым годзе з аграрнага ўніверсітэта атрымалі прэмію студэнты трох факультэтаў. Сімвалічна тое, што хлопцы атрымалі прэмію імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко, які ў свой час сам закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (зараз ГДАУ).
За гады сваёй працоўнай дзейнасці Аляксандр Дубко атрымаў званні Героя Сацыялістычнай Працы і Героя Беларусі, аб чым гаварылася ў прэзентацыі на пачатку ўручэння ўзнагарод.
Але вернемся да кандыдатур нашых студэнтаў. Руслан Стэфановіч з'яўляецца студэнтам біятэхналагічнага факультэта, адначасова чэмпіёнам свету па гіравым спорце і пераможцам намінацыі "Сусветны рэкорд Гінэса" па гіравым спорце. Аляксей Гаркун – студэнт інжынерна-тэхналагічнага факультэта – узнагароджваўся прэміяй за выдатныя паказчыкі ў вучобе, актыўную дзейнасць у студэнцкім прафкаме і ў КВН. Ад студэнтаў агранамічнага факультэта намінантам абласной прэміі стаў Міхаіл Камяк – выдатнік вучобы, які актыўна займаецца навуковымі даследаваннямі, з'яўляецца сябрам валанцёрскага клуба "Крыніцы дабрыні" і членам зборнай каманды ГДАУ па баскетболе.
Імпрэза па ўручэнні абласных прэмій праходзіла ў памяшканні цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Прамень". Прэміі ўручалі намеснік губернатара Гродзенскай вобласці Віктар Андрэевіч Лісковіч і жонка Аляксандра Іосіфавіча Дубко Эма Нічыпараўна. Перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі творчай моладзі (танцоры, музыкі, спевакі), якія раней ці ў гэтым годзе атрымалі аналагічныя прэміі. На ўручэнні прэмій прысутнічалі аднакурснікі і бацькі нашых студэнтаў.
https://www.ggau.by/nowosti/2213-ablasnuyu-premiyu-imya-a-i-dubko-atrymali-try-studenty-nashaga-niversiteta#sigProIdb79174db06